30 November 2020

Падушачка "Аленяня"

Лічу, што ўвесь гэты навагодні дэкор - пустое марнаванне грошаў, часу, а галоўнае месца (усё гэтае дабро патрэбна дзесьці захоўваць цэлы год). Розум кажа: "Не! Ну зразумей, што фактычна гэта проста смецце, пластык, якога і так вельмі шмат навокал". 😢
Але як жа гэта прыгожа!!! Як жа мне падабаецца ствараць навагоднія рэчы, рабіць падаруначкі і пакуначкі, маляваць паштоўкі 😍. Канечне па магчымасці імкнуся ствараць экалагічныя рэчы і больш не купляць новых упрыгожванняў. Нават хацела прадаць елку і ўсе цацкі, але пакуль пакінула як фота рэквізіт.
Памятаеце падушачку "Гномы"? Падушка была створана ў 2018 годзе для дабрачыннага аўкцыёна на карысць Грышы Даўгіх. Зараз ізноў пачаўся зімовы дабрачынны аўкцыён, ізноў для Грышы і ў мяне ізноў навагодняя падушка 😃.

25 November 2020

Восень 2020.

Засталося ўсяго некалькі дзён восені, запомню яё назаўсёды.

Восеньскі водар адметны, прыемны,

Здаецца звычайным і трошкі таемным.

Гэта водар ужо адышоўшага лета,

Утульна ахутвае ён быццам бы пледам.


Пахне восень дажджом і лісцем апалым,

Гарачай гарбатай і кніжкай цікавай,

Смачнай аладкай з бабулінай печы,

Сумным настоем, ад якога ня збегчы.

 

Восень пахне камусьці грушай духмянай,

Раніцай ціхай і кубачкам кавы,

Можа яблыкам спелым і грыбамі ў лесе,

Альбо парасонам пакінутым дзесьці.

 

Можа ветрам халодным, што сціхае пад вечар,

Яшчэ чымсьці цёплым, як з сябрам сустрэча.

Для кожнага пах гэты – свой, асаблівы,

Бо восеньскі водар – гэта пах успамінаў.

Наскрапіла ўсялякага