17 December 2018

Хаткі з цукеркамі

Цяжка дакладна сказаць, што гэта такое... хаткі ці шпакоўні. Падобны я ўжо паказвала тута муж ізноў сказаў, што гэта будкі, толькі прыгожа прыбраныя )))
У кожны домік змяшчаецца 5 цукерак ці 1 яйка кіндар-сюрпрыз. Гэтымі хаткамі буду віншаваць супрацоўніц, таму напіхала цукерак )))
Можна на елачку павесіць )))
Можа яшчэ паспею паказаць хаткі на Першым беларускім у СП "Волшебство" - 4 этап. Праздничная упаковка!

10 December 2018

Падушачка "Гномы"

Гэтых гномікаў вышыла мая сястра ))) Таня вышывае? Не можа быць! Сур'ёзна?! Нават наша мама думала, што гэта нейкі жарт. Гэта як у кінастужцы "1+1": Ён малюе?!! Што ён малюе?!!!
Адзінае, чым захаплялася мая сястра - гэта спорт. У школе Таня зусім не вучылася, бо ўвесь час то рыхтавалася да спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, то ўдзельнічала ў іх, то зноў рыхтавалася. У коледжы ўсё стала зусім сур'ёзна.  Гэта было сэнсам яе жыцця... 
Цяпер, калі прафесійны спорт ужо ў мінулым, адным з яе захапленнем стаў сноўборд, на які яна і мяне падсадзіла (Гэта мая лепшая зіма...) І вось я адпомсціла ёй за сваю адбітую пятую кропку - я падсадзіла яе на вышыўку))) Цяпер ёй баляць вочы, спіна і шыя, а ўчора я дала ёй роўнамерку ))) І цяпер яна не глядзіць, а толькі слухае любімыя серыялы, а вячэраць яе малады чалавек будзе праз "усяго 12 крыжыкаў". І гэта ж толькі пачатак...)))
Я зусім не мсцівы чалавек, але помста мая страшэнная )))

P.S. Хто яшчэ не глядзеў "1+1", абавязкова паглядзіце! Абавязкова!!!

15 November 2018

Плед "Пяшчотная калючка" )))

Першы мой плед і першая такая вялікая рэч, якую вязала. Атрымаўся штосьці каля 150*150 см. Ніткі гэтыя купляла мая мама яшчэ можа у 90-ыя, калі быў страшэнны дэфіцыт. 100% воўна, колер брудна-ружовы і калючыя нібы шыпшына.
Спачатку вязаць з іх спрабавала мая цётка, потым я.  Ну вось нарэшце яшчэ адзін даўгавяз скончаны. І звязаўся плед вельмі хутка, бо ўзор зусім просты.
Навошта атласныя стужкі ў пледах не вельмі разумею, але і не супраць іх, чаму б і не...  
Стужку ўцягнула толькі для фотаздымкаў, так для гісторыі і шмат каму гэты варыянт спадабаўся больш.
Коціку таксама вельмі пледык спадабаўся )))

26 September 2018

Мабыць шыць развучылася...

Гэтая касметычка ну ніяк не жадала стварацца. ))) Два тыдні змагалася я з ёй. Яна нават давяла мяне да слёз, што хацелася выкінуць усё ў сметніцу. Можа ёй не спадабалася першапачатковая форма? Бо задумала я яе квадратнай... 
Касячыла так, быццам першы раз села за машынку. І крыва шыла, і рэзала не там дзе трэба, і іголкі ламала, потым падпаліла, калі прасавала. Маланку прышывала тры разы.
Насамрэч эта тканінка з сабачкамі не магла натхніць мяне гадоў так 3-4, нават не памятаю, калі купіла яе, ой даўно. А тут проста як азарэнне, вельмі падабаецца такое спалучэнне, таму чакайце паўтор.

І драўляная бірка тут не проста для дэкору ))) Галоўнае, што ўвыніку ўсё выглядае, быццам так было і задумана.

12 September 2018

Пра "актыўны" адпачынак

Я зусім не турыстка,  я - жонка турыста з усімі выцякаючымі з гэтага абставінамі ))) Магу сама паставіць намёт, але не магу спаць у ім.
У мяне ёсць шыкоўныя трэкінгавыя красоўкі, якія  за сем гадоў свайго існавання ніколі не бачылі горных сцежак і нават ніколі не былі ў сур'ёзным паходзе. Люблю, каб мяне давезлі на машыне да пункта прызначэння )))
Я не спяваю песень пад гітару ля вогнішча.
А вось мой муж сапраўдны фанат актыўнага адпачынку. Напрыклад, замест таго, каб купіць сабе сучасны тэлефон, ён набывае вінтажную байдарку.

- Ты ўяўляеш, яна драўляная! 1988 года!! І абсалютна новая!!! 
- Добра ўяўляю, толькі зусім не ўяўляю гэтае "шчасце" ў нас у кватэры )))
Прыемная аказваецца рэч гэтая байдарка, асабліва калі не трэба нічога рабіць.
А чакаць сняданак лепш у піжамцы гледзячы на плынь.
І галоўнае ёсць што фатаграфаваць.
А вось і восень...

23 August 2018

- А у нас в квартире газ! А у вас? - А у нас водопровод! Вот!

Ніколі не думала, што верш С. В. Міхалкова можа і сёння быць актуальным, ды яшчэ як! Хто праходзіў праз капітальны рамонт дома, той мяне зразумее. Вось і наша сталінка амаль што перажыла кап.рамонт, які пачаўся яшчэ ў снежні і ўсё яшчэ не скончаны. Некалькі месяцаў без газа - гэта не самае жудаснае, хачу я вам сказаць ))) 
Кот, мне здаецца, пакутаваў больш за ўсіх. Такі пужлівы стаў, хоць да бабкі вядзі - спалох выбіраць )))
Мой працоўны куток прыйшлося эвакуяваць, бо пыл і бруд былі бясконцымі. І нешта я зусім не смуткавала па рукадзеллю, шмат чытала і вельмі шмат глядзела кіно. О, гэта было цудоўна! Муж ужо трохі вар'яцеў ад маёй апантанасці. Спачатку пераглядзелі любімыя стужкі, потым новыя. А  адзін тыдзень мы глядзелі ўсе фільмы з Томам Хардзі, потым усе стужкі Алехандра Іньярыту. А потым былі коміксы ))) Тор, Мсціўцы, Дэдпул і г.д. А хто шукае серыял, магу параіць "Вострыя брылі" ("Острые козырьки")

24 May 2018

Пеналы

Нашыла пеналаў. На замову трэба было пашыць адзін, што ў зорачкі. Але ж так не хацелася даставаць машынку дзеля адной касметычкі. Гэта ж як выкаціць пепелац (хто ў тэме, той зразумее). 
 
Прыладкавала карункі, што некалі навязала. Так была задаволена, што пазбавілася ад іх, а цяпер ужо думаю, што трэба яшчэ навязаць ))) 
Першы раз атрымаліся сапраўдныя пеналы. Ружовы прапанавала ў якасці лота на дабрачынны аўкцыён
 
 

04 May 2018

Веста...

Гэта самыя незвычайныя травеньскія выходныя. Такой анамальнай спякоты не было апошніх 40 гадоў. Першы раз за шмат гадоў мы не з'ехалі з Мінску і ўсе тры дні былі дома, але ў хаце не сядзелі. Уся справа ў тым, што гэтым разам знаёмая мужа  папрасіла ўзяць яе сабаку на некалькі дзён. Для мяне гэта быў сапраўдны сюрпрыз )))
Гэта дзяўчынка і даволі вялікая ))) Гаспадыня назвала яе Вестай, а я ўвесь час  блыталася і клікала яе Джэсі ))) Далікатная, ласкавая, разумная і вельмі прыемная навобмацак, так і хочацца бясконца яе абдымаць, гладзіць. Мужа майго яна ўжо ведала, а мне прыйшлося заваёўваць яе давер. І у гэтай цяжкай справе мне дапамог мой Кот, трэба было ўвесь час КатА браць на рукі, каб Веста змагла міма яго прабегчы. Так я стала абаронцай ад "жудаснага" КатА. Яшчэ б трошкі болей часу і яны абавязкова пасябравалі.
Атрымалі столькі прыемных эмоцый, столькі шчасця, і нас за гэта яшчэ і вельмі шчодра аддзякавалі )))

04 April 2018

Гэта мая лепшая зіма...

Ведаеце, чаму вясна гэты раз прыйшла толькі ў красавіку? Гэта ўсё я... Сур'ёзна. Гэта была мая першая зіма, калі я не хацела вясны, зусім. Першы раз, калі, як дзіця, слёзна прасіла, каб снег ніколі не раставаў. Прасіла марозу яшчэ тыдзень, а потым яшчэ адзін ))) Першы раз у мяне не было зімовай дэпрэсіі. А ўсё банальна - сястра ўламала мяне паспрабаваць сноўборд... Дзякуючы сноўборду яна і сама калісьці палюбіла зіму.
Цяпер у мяне вясновая дэпрэсія )))