04 July 2019

Лета - гэта...

Нешта лета ў нас у Беларусі раптам скончылася, таму сама намалюю яго )))
Здаецца, што летам магу сілкавацца адным марозівам. Якое маё любімае? Любое! А ведаеце, што у нас з'явілася марозіва "Валошка". Яно з пялёсткамі валошак і насеннем лёну ў жытнёвым кубачку. Яшчэ не траплялася мне, але абавязкова яго знайду і паспрабую.
Летам наш дом патанае у кветках, амаль усе балконы упрыгожваюць рознакаляровыя петуніі. Нават у суседа-халасцяка стаяць нейкія кветкі. У мяне ж з батанікай усё складана, таму мой балкончык час ад часу упрыгожвае Кот ))) 
Тут павінны быць намаляваны клубніцы, але яны не атрымаліся, атрымаўся толькі клубнічны малочны кактэйль ))) У нас свае клубніцы і іх заўсёды вельмі шмат. І кожны сезон гэта сапраўднае выпрабаванне клубніцамі )))  
Якое ж лета без кавуноў! Муж сапраўдны майстар іх выбіраць. Спрабавалі кавун з сырам? 
Яшчэ люблю лета за тое, што можна хоць кожны дзень упрыгожвать пкватэру кветкамі і гэта ніяк не адаб'ецца на бюджэце. )))
 Мора... Без каментарыяў )))

27 May 2019

Кошычак для вязання

Цяпер, калі мая сястра захапілася вязаннем,ёй заўсёды не хапае нітак ))) А раней яна не разумела, як гэта ў мяне можа быць мала тканіны ))) 
Авечку вышыла сястра па маёй просьбе, сама я вышываць зусім не паспяваю. І вось раскрываю сакрэт, як павялічыць колькасць гадзін у сутках:
  1. знайдзіце чалавека, якому няма чым заняцца (неверагодна, але такія існуюць).
  2. навучыце такога чалавека вязаць і вышываць (ці можна проста падказаць канал з відэа-ўрокамі на "YouTube").
  3. прымусьце яго працаваць на вас (шантаж і подкуп ніхто не адмяняў).
Кошычак падарыла сястры, будзем лічыць, што гэта ўкладанне на будучае, на развіццё )))
Р.S. Кошычак шыла па майстар-класу Ларысы Чарнаўской. Яна арганізоўвала ў сваім блоге Совместный проект "Прищепница".

24 April 2019

Матуліны скарбы


У сяброўкі маёй сястры нарадзілася дачушка. Сястра вышыла з гэтай нагоды метрыку. Я ж шчыра спадзявалася, што аформлю вышыўку і мой удзел на гэтым скончаны. Дарэчы, памер рамкі 25х25 см, а то ў інстаграме ўсе вырашылі, што яна значна менш ))) 
Гэта раней маладая мама вельмі любіла Тэдзікаў, а цяпер любіць толькі тое, што тычыцца яе дзіцяці і беражліва захоўвае ўсё-усё: цэтлічак з раддома, тры (!!!) тэсты на цяжарнасць, царапкі, пупочак і шмат чаго яшчэ  )))
Не вельмі хацела брацца, бо ў той час ўсё яшчэ шыла і не магла дашыць плед, запісалася на курсы па маляванню, і увогуле ніколі не рабіла такіх скрынак. Але так было цікава, здолею ці не... 
Не скажу, што гэта было лёгка і хутка. Сястра жартавала, што Аліса ўжо ў дзіцячы садок пойдзе, калі я скончу рабіць "скарбы" ))) 
А вось вокладку на пасведчанне об нараджэнні зрабіла амаль за адзін вечар. 

13 March 2019

Я малюю

Цяпер я яшчэ і малюю ))) Запісалася на курс па акварэльнаму скетчынгу ў інстаграме. Гэта вельмі цікава, азартна і неверагодна эмацыянальна.


Пакуль раблю толькі першыя крокі, усё яшчэ не магу прыручыць пэндзлік. Ну дык а хто казаў, что будзе лёгка, тым больш акварэль - дама веееельмі капрызная )))
Хоць скетч - гэта хуткі эскіз, замалёўка, я малюю яшчэ так марудна, што здаецца тая кукуруза расце хутчэй ))) І як жа крыўдна, калі ў алоўку скетч атрымаўся выдатны, а пачынаеш фарбаваць і абы што )))
Каму цікава і хоча далучыцца адкрываю яўкі і паролі. У інстаграме падпісвайцеся на @vsemart і @vsemartfree вы даведаецеся, што такое тыртырачкі )))

18 February 2019

Камплект "Зорнік"

Усё пачалося з вышыўкі. Гэта гісторыя пра тое, як адзін маленькі мядзведзь натхніў на вялікі праект. 
Сястра даслала фота вышыўкі са словамі: вось не ведала чым заняцца, проста спадабаўся гэты медзведзяня. А мяне ў гэты момант проста азарыла: гэта ж цудоўная магчымасць пазбавіцца ад часткі тканін фіялетавага і сіняга колераў (не падабліся яны мне).
Спачатку хацела пашыць толькі падушачку, але гэта радыкальна не зменшыла б мае запасы, таму вырашыла адважыцца яшчэ і на плед. 
Каб працэс не зацягнуўся, выбрала просты блок, а бейку падшыла на машынцы... першы раз. І нічога не здарылася, свет не перавярнуўся, і мне нават спадабаўся вынік, галоўнае шыць па самаму краёчку. 
На адваротны бок выбрала тканіну ў аблокі, між іншым беларускай вытворчасці. Дарэчы, у планах пашыць коўдрачку толькі з беларускіх тканін.