27 December 2016

Вось цяпер можна і Новы год сустракаць, а я ужо думала, што свята не атрымаецца. Эх, а столькі планаў было, столькі ўсяго трэба было зрабіць, а цяпер думаю, можа елку ўжо і не даставаць... Усё пачалося з таго, што мамчынай котцы не вельмі ўдала зрабілі стэрылізацыю. Не буду пісаць, як накасячылі наваградскія ветэрынары, што ж тут ужо зробіш...  А вось "Доктар Вет" - гэта моц! Цяпер калі гэты жэўжык ужо дома, я магу трошкі ачуняць )))  Можа каб не Кот, у якога на месцы яшчэ ўсё часткі цела, было б не ўсё так складана)))
Гэты год быў нешта багаты на ратаванне жывёл... А ў лістападзе быў яшчэ і чыхуахуа, які збег з прыватнага сектара, заблукаў, а знайсці пашчаслівілася мне ў нас на базе. Гэта было самае прыемнае і хуткае ратаванне )))
Усіх з надыходзячым Новым годам! Шчасця і здароўя усім людзям і жывёлам ))) 

09 December 2016

Знаёмцеся, медзведзяня Плюшык.

Не ведаю чаму вакол мяне заўсёды шмат мядзведзяў, мішак і Міхаілаў ))) Мой дзед - Міхась, тата - Міхась, хросны сынок - Мішаня, і яшчэ шмат розных Міхаілаў, Міхасёў сярод родзічаў і знаёмых. Была ў мяне і цэлая калекцыя цацачных медзведзянят. Здаецца і не збірала спецыяльна... іх я раздала і раздарыла, калі пачала займацца рукадзеллем, проста цяпер цацкі з крамы мяне больш не прывабліваюць. Але як кажуць, святое месца пустым не бывае, паступова пачалі з'яўляцца ў мяне новыя цацачныя мядзведзікі, але рукатворныя. Іх пакуль не вельмі шмат, кагосьці набыла на дабрачынным аўкцыёне, аднаго пашыла сама, а вось гэтага ў якасці цукеркі атрымала як першы (а можа і адзіны) навагодні падарунак.
Снягуркай для мяне стала Алеся з Віцебска. (Алеся, дзякуй, дзякуй вялікі я на сёмым небе!)
Вельмі хацелася пакінуць пасылку нераспакаванай да навагодняй ночы (але дзе ж узяць столькі цярпення) І калі б я так зрабіла, то інтуіцыя мене б не падвяла, я бы атрымала сапраўдны навагодні падарунак з цукеркамі шакаладна-шакаладнымі, каляднай паштоўкай з віншаваннямі, сняжынкай і з проста чароўным вінтажным плюшавым мішкам. Словамі не перадаць, якое гэта неверагоднае пачуццё ўпершыню ўбачыць гэта медзведзяня. Гэта дзіва які ён кранальны, і ніякія фотаздымкі не перадаюць усю замілаванасць і душэўнасць гэтай цацкі. Адзін дотык і ты разумееш, што гэта нешта роднае і блізкае, а потым здаецца ўжо, што гэтая я сама калісьці даўно  згубіла майго Плюшыка, а цяпер праз шмат год ён знайшоўся... якое шчасце!
На бірачцы мядзведзіка напісана, што гэта ёлачная цацка, але на елку я яго вешаць не буду, не хачу правакаваць КатА, можа ён і не зацікавіцца Плюшыкам, але не хачу рызыкаваць ))) На елачку абавязкова павешу срабрыстую сняжынку-зорачку. 
Не стамлюся дзякаваць Алесе за такое навагодняе дзіва, якое яна зрабіла для мяне. Алеся, ты сапраўдная чараўніца, а як яшчэ патлумачыць той факт, што ствараеш ты амаль жывых істот, і у кожнага свая гісторыя, характар, пачуцці.

06 December 2016

Набор у марскім стыле

У мяне касметычкавы перыяд ))) Насамрэч, даўно мазоліла вока стужка тыпа "Хэло Кіці", якую спачатку заказала, а толькі потым пачала думаць, куды яе прыладкаваць. Думала ой доўга-а, а ў мяне нават, калі ёсць ідэя, хутка не бывае )))
Да камплекту пашыла яшчэ вокладку на пашпарт.

24 November 2016

Мой кот

   Заўсёды марыла абзавесціся катом ці коткай. Я канечне здольная на неабдуманыя учынкі, але толькі не ў гэтым выпадку. Мая сястра дапамагае валанцёрам і бярэ час ад часу коцікаў на ператрымку. План быў такі: узяць на пэўны час, а калі мы спадабаемся адзін аднаму, то пакінем гадаванца назаўсёды. Хацела кагосьці прыгожага і прышпільнага )))
Упэўнена, што Бог не займаецца такімі дробязямі, таму скажу, што ў космаса план быў іншы. Кот сам мяне знайшоў, выбраў і дазволіў стаць яго гаспадыняй.
   Вось такое калматае дзіва з'явілася на нашай базе. Па паводзінах было відавочна, што ён хатні, вельмі ласкавы і дэлікатны. Думалі, што прыходзіць з прыватнага сектара, але яго стан быў вельмі дрэнным: вага ўсяго 2,38 кг. Прагледзела сайты, яго ніхто не шукаў. Кармілі і ціскалі ўсе, чаму ён выбраў мяне... загадка... Я дакраналася да гэтага ката толькі некалькі разоў, калі праводзіла яму санітарную апрацоўку і калі выразала і вычэсвала каўтуны.
Да свайго працоўнага стала забараняла нават набліжацца. Такія нахабныя здымкі зрабіў калега, канечне ў маю адсутнасць. Можа ўсё так і засталося, але ката не прынялі вартавыя сабакі, як убачаць ці пачуюць яго, адразу арганізоўвалі паляванне. Кожны паход "да ветру" для ката быў вельмі небяспечны.
Вырашыла, што забяру яго, калі зразумела, што ўвесь час у галаве толькі адна думка: "Як там Кот?" Спытала дазвол у мужа і папярэдзіла, што кот не вельмі прыгожы, на што ён адказаў, што ўвогуле не разумее, як кот ці сабака можа быць непрыгожым. Не ну сапраўды аж мову аднімае ад такой прыгажосці ))))

Думала забяру, калі куплю і падрыхтую ўсё неабходнае, а ў выніку проста пасадзіла на калені і павезла да дому. 
Вось і ўсё... Насамрэч гэта 100% мой кот, ідэальны, самы прыгожы і вельмі разумны. Мянушку не прыдумалі, так і клічам - Кот ))) 

23 November 2016

Касметычка і пенал

Я знікла, а што здарылася? Ды нічога асаблівага - кот і The Big Bang Theory. Пра катА будзе асобнае паведамленне, абяцаю, а "тэорыю" сястра даўно раіла паглядзець. Пачала глядзець адна,  заліпла на першых секундах, муж далучыўся праз хвілін 20. Не маглі адарвацца пакуль не паглядзелі ўсе сезоны ))) І ведаеце, што я зразумела, "Тэорыя" - гэта лепшае, што здарылася са мной у гэтым годзе... Не-не, лепшае здарэнне - гэта кот)))
За гэты час пашыла толькі касметычку  і пенал. Працягваю пазбаўляцца ад запасаў. Дала сабе слова, што не куплю ні кавалка новай тканіны ў гэтым годзе. Купіла некалькі кавалкаў скуры, гэта ж не тканіна ))))
Гэтыя кексікі купіла вельмі даўно, збіралася кулінарную кнігу зрабіць, яшчэ такі ружовы адрэз чакае свайго часу. 
 А пенал пашыўся з рэшткаў ад сонечнага камплекта.
Пакажу свае касметычкі ў праекце Ані "ЛИКВИДАЦИЯ РУКОДЕЛЬНЫХ ЗАПАСОВ"

30 October 2016

Я вельмі скептычна стаўлюся да ўсялякага роду апытанняў, часцей за ўсё сярод прапанаваных адказаў проста не знаходжу падыходных, і ўвогуле, што гэта можа змяніць... Але гэтае апытанне не змагла праігнараваць ))) 

19 October 2016

Кашалёк для дробязяў.

Яшчэ адзін эксперымент з міні-кашальком. Працягваю шукаць зручную і функцыянальную форму. Патрэбна было пашыць штосьці накшталт маленькай касметычкі толькі з кішэнямі пад карткі, а пад папяровыя грошы не абавязкова.
Натхненне знайшла ў японскім дызайне, таму амаль усё шыла рукамі.
На папяровыя грошы кішэні не рабіла, але ў выніку яны туды добра змяшчаюцца і нават маланка ім ніяк не шкодзіць.
Калі давядзецца, яшчэ шыць такі кашалёк, то замест сінтэпону буду выкарыстоўваць фетр ці штосьці больш цвёрдае і жорсткае. А то кашалёчак атрымаўся мяккі і прыемны навобмацак, але форму трымае не ідэальна.

09 September 2016

Вокладка на пасведчанне.

Універсальную вокладку зрабіла на дабрачынны аўкцыён. На мой погляд можна захоўваць і пасведчанне аб шлюбе і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Дэкор вельмі лаканічны, проста на нешта сур'ёзнае не хапіла ні часу, ні крэатыву. Так хацела прагуляць гэты аўкцыён, але сумленне замучыла ))). Але гэта апошні раз, усё, потым буду толькі пакупніком.
Пакажу тэчку ў рукадзельным кафэ

16 August 2016

Дыванок пад швейную машынку

Ізноў мала слоў і мала фота. Працягваю пазбаўляцца ад абрэзкаў, вынік - адна скрыня стала закрывацца )))

11 August 2016

Касметычка

Як не пашыю сабе касметычку, так ёй ногі і зробяць. Гэтым разам пашыла ну проста са смецця (Таня, дзякуй за ідэю), нават маланка б/у ))) 
Ну вось чаму сабе так шкада з чагосьці прыстойнага пашыць? А у вас гэтак жа?
Сфатаграфавала і закінула сабе ў торбу, ну каб ужо ніхто не спакусіўся на такое дабро )))

05 August 2016

  Ох, як жа цяжка было аддаваць Мурзіка (цяпер ён Дымок)... Нават мой тата хадзіў сумны. Але ўсё разумелі маме з двума будзе цяжка, асабліва потым, калі трэба будзе вяртацца ў кватэру. Коцік трапіў у вельмі добрыя рукі. Можна сказаць, што ён няпроста знайшоў новых гаспадароў, а сам стаў гаспадаром у новай сям'і ))) Такі пан, усё круціцца вакол яго... 
  А я не разумею, чаму ўсім больш падабаўся коцік? Ён канечне прышпільны і больш ласкавы, і такі ўжо абармот...
але маё сэрца скарыла котка. Прыгажуня...
Спрытная, разумная, сапраўдная драпежніца
 і заўсёды такая сур'ёзная... Фатаграфаваць яе адно задавальненне.

01 August 2016

Міні-кашалёк

Такая малюпаха атрымалася, што мне здаецца ім зусім нязручна карыстацца, але як кажуць "хозяин-барин".
З гэтым кашальком заскочу амаль у апошні вагон праекта "Любимый материал. Ткань." на Першым беларускім. 

14 July 2016

Вот оно какое наше лето...

Гэта лета зусім нешта няласкавае... і гэта яшчэ мякка сказана )))
таму сёння раніцай зрабіла такія фотаздымкі, тым больш звязаліся кошычкі для працоўнага кутка, ёсць хоць што паказаць.

А яшчэ патрэбна было нейк захаваць у памяці гэтыя званочкі ))) Так прыемна атрымоўваць вось такія простыя і мілыя знакі ўвагі ад любімага чалавека, а колькасць намаганняў прыкладзеных, каб іх данесці і прывезці, робяць іх неверагодна каштоўнымі.
Дзякую ўсім за каментарыі, чакаю кожнага слова, таму вельмі сорамна, што не магу адказваць. Хутка ўжо скончыцца гэтае вар'яцтва, звязанае з дэнамінацыяй і ЭСЧФ і я буду на рабоце займацца сапраўднай справай - наведваць вашыя блогі і каментаваць паведамленні )))

21 June 2016

Не мела баба клопату...

Так і засталося загадкай, як зусім сляпыя і кволыя кацяняты апынуліся ў нас на надворку. 
Маёй маме прыйшлося павазіцца з імі. За два тыдні падраслі, сталі прыгожанькімі і такімі пацешнымі.
Аблюбавалі рэшткі старога плота. Як малпачкі гойсаюць, такія спрытныя, можна гадзінамі назіраць за імі, нават калі спяць.

13 June 2016

Сумачка і кашалёк

Летняя яркая сумачка для дзяўчынкі.
Сумку шыла з галавы, а вось кашалёчак па цудоўнаму майстар-класу.
Сумачку пакажу ў праекце Першага беларускага "Метод отрицания". Тематическое задание июня "Разноцветное детство". Там нельга выкарыстоўваць ружовы колер, таму кашалёк пралятае )))

LinkWithin

Related Posts Plugin for WordPress, Blogger...

LinkWithin

Related Posts Plugin for WordPress, Blogger...