Showing posts with label фота. Show all posts
Showing posts with label фота. Show all posts

12 September 2018

Пра "актыўны" адпачынак

Я зусім не турыстка,  я - жонка турыста з усімі выцякаючымі з гэтага абставінамі ))) Магу сама паставіць намёт, але не магу спаць у ім.
У мяне ёсць шыкоўныя трэкінгавыя красоўкі, якія  за сем гадоў свайго існавання ніколі не бачылі горных сцежак і нават ніколі не былі ў сур'ёзным паходзе. Люблю, каб мяне давезлі на машыне да пункта прызначэння )))
Я не спяваю песень пад гітару ля вогнішча.
А вось мой муж сапраўдны фанат актыўнага адпачынку. Напрыклад, замест таго, каб купіць сабе сучасны тэлефон, ён набывае вінтажную байдарку.

- Ты ўяўляеш, яна драўляная! 1988 года!! І абсалютна новая!!! 
- Добра ўяўляю, толькі зусім не ўяўляю гэтае "шчасце" ў нас у кватэры )))
Прыемная аказваецца рэч гэтая байдарка, асабліва калі не трэба нічога рабіць.
А чакаць сняданак лепш у піжамцы гледзячы на плынь.
І галоўнае ёсць што фатаграфаваць.
А вось і восень...

23 August 2018

- А у нас в квартире газ! А у вас? - А у нас водопровод! Вот!

Ніколі не думала, што верш С. В. Міхалкова можа і сёння быць актуальным, ды яшчэ як! Хто праходзіў праз капітальны рамонт дома, той мяне зразумее. Вось і наша сталінка амаль што перажыла кап.рамонт, які пачаўся яшчэ ў снежні і ўсё яшчэ не скончаны. Некалькі месяцаў без газа - гэта не самае жудаснае, хачу я вам сказаць ))) 
Кот, мне здаецца, пакутаваў больш за ўсіх. Такі пужлівы стаў, хоць да бабкі вядзі - спалох выбіраць )))
Мой працоўны куток прыйшлося эвакуяваць, бо пыл і бруд былі бясконцымі. І нешта я зусім не смуткавала па рукадзеллю, шмат чытала і вельмі шмат глядзела кіно. О, гэта было цудоўна! Муж ужо трохі вар'яцеў ад маёй апантанасці. Спачатку пераглядзелі любімыя стужкі, потым новыя. А  адзін тыдзень мы глядзелі ўсе фільмы з Томам Хардзі, потым усе стужкі Алехандра Іньярыту. А потым былі коміксы ))) Тор, Мсціўцы, Дэдпул і г.д. А хто шукае серыял, магу параіць "Вострыя брылі" ("Острые козырьки")

04 May 2018

Веста...

Гэта самыя незвычайныя травеньскія выходныя. Такой анамальнай спякоты не было апошніх 40 гадоў. Першы раз за шмат гадоў мы не з'ехалі з Мінску і ўсе тры дні былі дома, але ў хаце не сядзелі. Уся справа ў тым, што гэтым разам знаёмая мужа  папрасіла ўзяць яе сабаку на некалькі дзён. Для мяне гэта быў сапраўдны сюрпрыз )))
Гэта дзяўчынка і даволі вялікая ))) Гаспадыня назвала яе Вестай, а я ўвесь час  блыталася і клікала яе Джэсі ))) Далікатная, ласкавая, разумная і вельмі прыемная навобмацак, так і хочацца бясконца яе абдымаць, гладзіць. Мужа майго яна ўжо ведала, а мне прыйшлося заваёўваць яе давер. І у гэтай цяжкай справе мне дапамог мой Кот, трэба было ўвесь час КатА браць на рукі, каб Веста змагла міма яго прабегчы. Так я стала абаронцай ад "жудаснага" КатА. Яшчэ б трошкі болей часу і яны абавязкова пасябравалі.
Атрымалі столькі прыемных эмоцый, столькі шчасця, і нас за гэта яшчэ і вельмі шчодра аддзякавалі )))

16 October 2017

Восень прыйшла.

Фота грыбоў не будзе ))) У грыбы хадзіла, фатаграфавала, але ужо бачыць іх не магу ў сацыяльных сетках )))
Гэта было закрыццё паходнага сезона. Адпачывалі каля рэчкі. Туман быў вечарам і раніцай.  Ён розны аказваецца.
У вас бывае такая сітуацыя, калі чым даўжэй вы не тэлефануеце сябру ці знаёмаму, тым цяжэй прыдумаць прычыну набраць нумар і пачаць размову. У мяне так бывае, і зараз такое адбываецца з блогам.  Ну што расказваць, калі нічога не адбываецца, усё па-старому. А напісаць штосьці трэба, каб блог заставаўся жывым, каб мову не забыць, каб быў стымул працаваць.

Няньчылася с пляменніцай ))) Дзяўчынкі такія дзяўчынкі ))) Рабілі завушніцы, бранзалеты, запляталі косы, а потым была фотасесія.
За гэты час зрабіла некалькі салодкіх букетаў і адзін букет нявесты.
Так не хацела брацца, але што можна адказаць на фразу: "...ну тады нявеста будзе без букета". Першы раз, жывыя кветкі, абмежаваны бюджэт і час. Як жа было страшна спасаваць вяселле )))

24 November 2016

Мой кот

   Заўсёды марыла абзавесціся катом ці коткай. Я канечне здольная на неабдуманыя учынкі, але толькі не ў гэтым выпадку. Мая сястра дапамагае валанцёрам і бярэ час ад часу коцікаў на ператрымку. План быў такі: узяць на пэўны час, а калі мы спадабаемся адзін аднаму, то пакінем гадаванца назаўсёды. Хацела кагосьці прыгожага і прышпільнага )))
  Упэўнена, што Бог не займаецца такімі дробязямі, таму скажу, што ў космаса план быў іншы. Кот сам мяне знайшоў, выбраў і дазволіў стаць яго гаспадыняй.
Вось такое калматае дзіва з'явілася на нашай базе. Па паводзінах было відавочна, што ён хатні, вельмі ласкавы і дэлікатны. Думалі, што прыходзіць з прыватнага сектара, але яго стан быў вельмі дрэнным: вага ўсяго 2,38 кг. Прагледзела сайты, яго ніхто не шукаў. Кармілі і ціскалі ўсе, чаму ён выбраў мяне... загадка... Я дакраналася да гэтага ката толькі некалькі разоў, калі праводзіла яму санітарную апрацоўку і калі выразала і вычэсвала каўтуны.
Параілася з мужам, але папярэдзіла, што кот не вельмі прыгожы. На што муж адказаў, што не разумее, як кот ці сабака можа быць не прыгожым. І сапраўды, такі прыгажунчык, што аж мову аднімае )))

Думала забяру, калі куплю і падрыхтую ўсё неабходнае, а ў выніку проста пасадзіла на калені і павезла да дому. 
Вось і ўсё... Насамрэч гэта 100% мой кот, ідэальны, самы прыгожы і вельмі разумны. Мянушку не прыдумалі, так і клічам - Кот ))) 

05 August 2016

  Ох, як жа цяжка было аддаваць Мурзіка (цяпер ён Дымок)... Нават мой тата хадзіў сумны. Але ўсё разумелі маме з двума будзе цяжка, асабліва потым, калі трэба будзе вяртацца ў кватэру. Коцік трапіў у вельмі добрыя рукі. Можна сказаць, што ён няпроста знайшоў новых гаспадароў, а сам стаў гаспадаром у новай сям'і ))) Такі пан, усё круціцца вакол яго... 
  А я не разумею, чаму ўсім больш падабаўся коцік? Ён канечне прышпільны і больш ласкавы, і такі ўжо абармот...
але маё сэрца скарыла котка. Прыгажуня...
Спрытная, разумная, сапраўдная драпежніца
 і заўсёды такая сур'ёзная... Фатаграфаваць яе адно задавальненне.

14 July 2016

Вот оно какое наше лето...

Гэта лета зусім нешта няласкавае... і гэта яшчэ мякка сказана )))
таму сёння раніцай зрабіла такія фотаздымкі, тым больш звязаліся кошычкі для працоўнага кутка, ёсць хоць што паказаць.

А яшчэ патрэбна было нейк захаваць у памяці гэтыя званочкі ))) Так прыемна атрымоўваць вось такія простыя і мілыя знакі ўвагі ад любімага чалавека, а колькасць намаганняў прыкладзеных, каб іх данесці і прывезці, робяць іх неверагодна каштоўнымі.
Дзякую ўсім за каментарыі, чакаю кожнага слова, таму вельмі сорамна, што не магу адказваць. Хутка ўжо скончыцца гэтае вар'яцтва, звязанае з дэнамінацыяй і ЭСЧФ і я буду на рабоце займацца сапраўднай справай - наведваць вашыя блогі і каментаваць паведамленні )))

21 June 2016

Не мела баба клопату...

Так і засталося загадкай, як зусім сляпыя і кволыя кацяняты апынуліся ў нас на надворку. 
Маёй маме прыйшлося павазіцца з імі. За два тыдні падраслі, сталі прыгожанькімі і такімі пацешнымі.
Аблюбавалі рэшткі старога плота. Як малпачкі гойсаюць, такія спрытныя, можна гадзінамі назіраць за імі, нават калі спяць.

02 May 2016

Кот і сабака

Даўно нешта не паказвала Веню і Сціві. На Вялікдзень ездзілі да бацькоў. Паехалі тры чалавека адзін кот і адзін маленькі сабачка. Веня быў пакрыўджаны аж да самага вечара. Яго можна зразумець, не спыталі і павезлі некуды.
Веня канечне быў вельмі незадаволены, і  фотасесія яўна не ўваходзіла ў яго планы, але ж я не змагла не сфатаграфаваць вусы. 
Сціві як заўсёды задурыў галаву ўсім... ну што за дурное стварэнне з ашалелымі вачыма.
 А вы любіце, калі на вас глядзяць, як вы ясце? Не, а чаму?

29 February 2016

Вясёлкавы настрой

Абяцала зрабіць больш пазітыўныя здымкі? Вось трымайте тры.


Апошні фотаздымак з маланкамі ўдзельнічае ў фотазаданні "Прадметная здымка" ад  "Я-фоторгаф" 

20 February 2016

Фотазаданне "Прадметная здымка"

Трэба было сфатаграфаваць неадушаўлёныя прадметы. У мяне знайшлася ракавінка, якая цяпер ужо зусім неадушаўлёны прадмет... было жывое, стала нежывое...
У хаце здымак сумным не атрымоўваўся, а вось змрочнае надвор'е і мокрае бервяно зрабілі сваю справу))) Здымак пакажу ў блоге  "Я-фоторгаф"