Showing posts with label салодкі дызайн. Show all posts
Showing posts with label салодкі дызайн. Show all posts

04 November 2019

Салодкая восень...

Восень ужо хутка скончыцца, а я так яшчэ і не паказала, што насамаробнічала. Пачну з дабрачыннага аўкцыёна. Прызнаюся, кожны раз усё цяжэй і цяжэй удзельнічаць: пакупнікоў становіцца менш, кошт лотаў паніжаецца і ўсе роўна не ўсе выкупляюцца, шмат каму зараз не да дабрачыннасці. Але не будзем пра сумнае... 
Мае і букет з цукерак, і кошычак для хлеба хутка знайшлі сваіх уладальнікаў. Нават была барацьба ))) А гэта вельмі натхняе, не дае апусціць рукі.
А такія асеннія пакуначкі з цукеркамі атрымалі пакупнікі маіх лотаў.  Здаецца, ну што тут такога: звычайны крафт-пакет, акварэльны малюнак, некалькі цукерак, а мала таго, што сама атрымала асалоду ад іх стварэння, так яшчэ і ад пакупнікоў атрымала шмат слоў удзячнасці і захаплення. І гэта выдатна )))

17 December 2018

Хаткі з цукеркамі

Цяжка дакладна сказаць, што гэта такое... хаткі ці шпакоўні. Падобны я ўжо паказвала тута муж ізноў сказаў, што гэта будкі, толькі прыгожа прыбраныя )))
У кожны домік змяшчаецца 5 цукерак ці 1 яйка кіндар-сюрпрыз. Гэтымі хаткамі буду віншаваць супрацоўніц, таму напіхала цукерак )))
Можна на елачку павесіць )))
Можа яшчэ паспею паказаць хаткі на Першым беларускім у СП "Волшебство" - 4 этап. Праздничная упаковка!

23 August 2018

- А у нас в квартире газ! А у вас? - А у нас водопровод! Вот!

Ніколі не думала, што верш С. В. Міхалкова можа і сёння быць актуальным, ды яшчэ як! Хто праходзіў праз капітальны рамонт дома, той мяне зразумее. Вось і наша сталінка амаль што перажыла кап.рамонт, які пачаўся яшчэ ў снежні і ўсё яшчэ не скончаны. Некалькі месяцаў без газа - гэта не самае жудаснае, хачу я вам сказаць ))) 
Кот, мне здаецца, пакутаваў больш за ўсіх. Такі пужлівы стаў, хоць да бабкі вядзі - спалох выбіраць )))
Мой працоўны куток прыйшлося эвакуяваць, бо пыл і бруд былі бясконцымі. І нешта я зусім не смуткавала па рукадзеллю, шмат чытала і вельмі шмат глядзела кіно. О, гэта было цудоўна! Муж ужо трохі вар'яцеў ад маёй апантанасці. Спачатку пераглядзелі любімыя стужкі, потым новыя. А  адзін тыдзень мы глядзелі ўсе фільмы з Томам Хардзі, потым усе стужкі Алехандра Іньярыту. А потым былі коміксы ))) Тор, Мсціўцы, Дэдпул і г.д. А хто шукае серыял, магу параіць "Вострыя брылі" ("Острые козырьки")

04 April 2018

Гэта мая лепшая зіма...

Ведаеце, чаму вясна гэты раз прыйшла толькі ў красавіку? Гэта ўсё я... Сур'ёзна. Гэта была мая першая зіма, калі я не хацела вясны, зусім. Першы раз, калі, як дзіця, слёзна прасіла, каб снег ніколі не раставаў. Прасіла марозу яшчэ тыдзень, а потым яшчэ адзін ))) Першы раз у мяне не было зімовай дэпрэсіі. А ўсё банальна - сястра ўламала мяне паспрабаваць сноўборд... Дзякуючы сноўборду яна і сама калісьці палюбіла зіму.
Цяпер у мяне вясновая дэпрэсія )))

16 October 2017

У вас бывае такая сітуацыя, калі чым даўжэй вы не тэлефануеце сябру ці знаёмаму, тым цяжэй прыдумаць прычыну набраць нумар і пачаць размову. У мяне так бывае, і зараз такое адбываецца з блогам.  Ну што расказваць, калі нічога не адбываецца, усё па-старому. А напісаць штосьці трэба, каб блог заставаўся жывым, каб мову не забыць, каб быў стымул працаваць.

Няньчылася с пляменніцай ))) Дзяўчынкі такія дзяўчынкі ))) Рабілі завушніцы, бранзалеты, запляталі косы, а потым была фотасесія.
За гэты час зрабіла некалькі салодкіх букетаў і адзін букет нявесты.
Так не хацела брацца, але што можна адказаць на фразу: "...ну тады нявеста будзе без букета". Першы раз, жывыя кветкі, абмежаваны бюджэт і час. Як жа было страшна спасаваць вяселле )))

13 July 2017

Рознае несур'ёзнае - 2

Зноў назбіралася шмат усякага рознага і не сур'ёзнага. Асобных паведамленняў гэтыя рукадзелкі не заслугоўваюць, таму ўсё ў кучу.

Мы ўжо даўно вырашылі набыць дом у вёсцы, а можа пашанцуе і хутар, але ўсё нешта перашкаджае, то часу няма, то ўсё не тое, а хочацца знайсці "сваё". Вось вышыла крыжыкам хатку, можа дапаможа ))) Драўлянаю рамку 15х15 пафарбавала ў белы колер, паспарту зрабіла сама. Французскія вузельчыкі не змагла прыгожа вышыць, таму замяніла на бісер. Пакуль гэта мая самая складаная вышыўка ))) а што аж цэлых пяць колераў )))
Салодкі дызайн карыстаецца попытам. Рабіла некалькі букетаў цюльпанаў разнага колеру. Адзін бела-ружовы застаўся, потым адпраўлю яго на аўкцыён.
А далей паказваю прыемныя дробязі. Гэта невялічкія кампліменты, якія ўкладваю ў пасылкі пакупнікам.
 

26 April 2017

Рознае несур'ёзнае.

Даўно не пісала паведамленняў, бо нічога сур’ёзнага не насамаробнічала. Кот захварэў, таму выконвала зусім простыя замовы. 

Абярэжная лялька на багацце і дабрабыт.
Салодкі дызайн. 
 Велікодны кошычак. Такіх з варыяцыямі зрабіла чатыры.
Ну і напрыканцы, фота КатА, які пакуль яшчэ на дыеце і пад пільным нагляданнем. Дарэчы, у вет. бальнічцы, сустрэлі ну проста копію нашага Коціка, супадае ўсё, знешнасць, характар, нават лёс... Зусім доктара заблыталі гэтыя блізнюкі)))