24 November 2016

Мой кот

   Заўсёды марыла абзавесціся катом ці коткай. Я канечне здольная на неабдуманыя учынкі, але толькі не ў гэтым выпадку. Мая сястра дапамагае валанцёрам і бярэ час ад часу коцікаў на ператрымку. План быў такі: узяць на пэўны час, а калі мы спадабаемся адзін аднаму, то пакінем гадаванца назаўсёды. Хацела кагосьці прыгожага і прышпільнага )))
  Упэўнена, што Бог не займаецца такімі дробязямі, таму скажу, што ў космаса план быў іншы. Кот сам мяне знайшоў, выбраў і дазволіў стаць яго гаспадыняй.
Вось такое калматае дзіва з'явілася на нашай базе. Па паводзінах было відавочна, што ён хатні, вельмі ласкавы і дэлікатны. Думалі, што прыходзіць з прыватнага сектара, але яго стан быў вельмі дрэнным: вага ўсяго 2,38 кг. Прагледзела сайты, яго ніхто не шукаў. Кармілі і ціскалі ўсе, чаму ён выбраў мяне... загадка... Я дакраналася да гэтага ката толькі некалькі разоў, калі праводзіла яму санітарную апрацоўку і калі выразала і вычэсвала каўтуны.
Параілася з мужам, але папярэдзіла, што кот не вельмі прыгожы. На што муж адказаў, што не разумее, як кот ці сабака можа быць не прыгожым. І сапраўды, такі прыгажунчык, што аж мову аднімае )))

Думала забяру, калі куплю і падрыхтую ўсё неабходнае, а ў выніку проста пасадзіла на калені і павезла да дому. 
Вось і ўсё... Насамрэч гэта 100% мой кот, ідэальны, самы прыгожы і вельмі разумны. Мянушку не прыдумалі, так і клічам - Кот ))) 

23 November 2016

Касметычка і пенал

Я знікла, а што здарылася? Ды нічога асаблівага - кот і The Big Bang Theory. Пра катА будзе асобнае паведамленне, абяцаю, а "тэорыю" сястра даўно раіла паглядзець. Пачала глядзець адна,  заліпла на першых секундах, муж далучыўся праз хвілін 20. Не маглі адарвацца пакуль не паглядзелі ўсе сезоны ))) І ведаеце, што я зразумела, "Тэорыя" - гэта лепшае, што здарылася са мной у гэтым годзе... Не-не, лепшае здарэнне - гэта кот)))
За гэты час пашыла толькі касметычку  і пенал. Працягваю пазбаўляцца ад запасаў. Дала сабе слова, што не куплю ні кавалка новай тканіны ў гэтым годзе. Купіла некалькі кавалкаў скуры, гэта ж не тканіна ))))
Гэтыя кексікі купіла вельмі даўно, збіралася кулінарную кнігу зрабіць, яшчэ такі ружовы адрэз чакае свайго часу. 
 А пенал пашыўся з рэшткаў ад сонечнага камплекта.
Пакажу свае касметычкі ў праекце Ані "ЛИКВИДАЦИЯ РУКОДЕЛЬНЫХ ЗАПАСОВ"