30 November 2020

Падушачка "Аленяня"

Лічу, што ўвесь гэты навагодні дэкор - пустое марнаванне грошаў, часу, а галоўнае месца (усё гэтае дабро патрэбна дзесьці захоўваць цэлы год). Розум кажа: "Не! Ну зразумей, што фактычна гэта проста смецце, пластык, якога і так вельмі шмат навокал". 😢
Але як жа гэта прыгожа!!! Як жа мне падабаецца ствараць навагоднія рэчы, рабіць падаруначкі і пакуначкі, маляваць паштоўкі 😍. Канечне па магчымасці імкнуся ствараць экалагічныя рэчы і больш не купляць новых упрыгожванняў. Нават хацела прадаць елку і ўсе цацкі, але пакуль пакінула як фота рэквізіт.
Памятаеце падушачку "Гномы"? Падушка была створана ў 2018 годзе для дабрачыннага аўкцыёна на карысць Грышы Даўгіх. Зараз ізноў пачаўся зімовы дабрачынны аўкцыён, ізноў для Грышы і ў мяне ізноў навагодняя падушка 😃.

25 November 2020

Восень 2020.

Засталося ўсяго некалькі дзён восені, запомню яё назаўсёды.

Восеньскі водар адметны, прыемны,

Здаецца звычайным і трошкі таемным.

Гэта водар ужо адышоўшага лета,

Утульна ахутвае ён быццам бы пледам.


Пахне восень дажджом і лісцем апалым,

Гарачай гарбатай і кніжкай цікавай,

Смачнай аладкай з бабулінай печы,

Сумным настоем, ад якога ня збегчы.

 

Восень пахне камусьці грушай духмянай,

Раніцай ціхай і кубачкам кавы,

Можа яблыкам спелым і грыбамі ў лесе,

Альбо парасонам пакінутым дзесьці.

 

Можа ветрам халодным, што сціхае пад вечар,

Яшчэ чымсьці цёплым, як з сябрам сустрэча.

Для кожнага пах гэты – свой, асаблівы,

Бо восеньскі водар – гэта пах успамінаў.

Наскрапіла ўсялякага

05 June 2020

Мае дасягненні

Працягваю вучыцца акварэльнаму скетчынгу. Падабаецца! Прагрэс ёсць і ён відавочны. Змяніла настаўніцу і памятаю, якімі складанымі здаваліся яе ўрокі спачатку. Яшчэ хачу навучыцца прыгожа пісать розныя надпісы (летэрынг). 
А яшчэ я навучылася збіраць кубік Рубіка, зараз вучуся рабіць гэта хутка. Марыла яшчэ з дзяцінства, мэту паставіла ў 2017 годзе, а навучылася неспяшаючыся за тыдзень ))) На чарзе навучыцца плаваць, а не сяк-так трымацца на вадзе. 

27 May 2020

Фетравая градка

Зноў развіццёвая цацка з фетру ў цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям, што ў Бараўлянах. Відаць, галодны вусень вельмі спадабаўся, бо слёзна прасілі пашыць яшчэ зайчыкаў і маркоўную градку.
Усе выкрайкі, шаблоны малявала сама. Беленькі зайчык атрымаўся з першага разу, морквачкі - з другога, а вось, калі шыла шэрага зайчыка, то спачатку не спадабалася форма галавы, потым перарабляла тварык і вушы, а ў выніку прыйшлося прыдумваць, чым жа узмацніць шыю. Звязала шалікі абодвум, аднаму, каб галава не боўталася, а другому для прыгажосці )))
З дапамогай зайчыкаў і іх градкі можна вывучаць "большы-меншы", лік, колеры, назвы і  асаблівасці агародніны.
Звязала кошычак для збору ўраджаю. Вязала кручком, схема з галавы, стабілізавала крухмалам. Цяпер гэта самая любімая рэч, нават аддаваць было шкада )))

26 May 2020

Вельмі галодны вусень.

Пашыла развіццёвую гульню ў цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям, які знаходзіцца ў Бараўлянах, што пад Мінскам.
Гульня пашыта з фетру па матывах знакамітай дзіцячай кнігі Эрыка Карла "Вельмі галодны вусень".


У беларускім перакладзе кніга выйшла ў 2019 годзе, праз 50 год пасля першага выдання арыгіналу.

21 February 2020

Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага ў 1952 годзе паліцыя адкрыла агонь па бяззбройнай мірнай дэманстрацыі, якая змагалася за прызнанне бенгальскай мовы ў якасці афіцыяльнай мовы Пакістана. Загінула пяць студэнтаў...

Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікненняМова прызнаецца зніклай, калі на ёй гавораць менш за 100 000 чалавек...

04 November 2019

Салодкая восень...

Восень ужо хутка скончыцца, а я так яшчэ і не паказала, што насамаробнічала. Пачну з дабрачыннага аўкцыёна. Прызнаюся, кожны раз усё цяжэй і цяжэй удзельнічаць: пакупнікоў становіцца менш, кошт лотаў паніжаецца і ўсе роўна не ўсе выкупляюцца, шмат каму зараз не да дабрачыннасці. Але не будзем пра сумнае... 
Мае і букет з цукерак, і кошычак для хлеба хутка знайшлі сваіх уладальнікаў. Нават была барацьба ))) А гэта вельмі натхняе, не дае апусціць рукі.
А такія асеннія пакуначкі з цукеркамі атрымалі пакупнікі маіх лотаў.  Здаецца, ну што тут такога: звычайны крафт-пакет, акварэльны малюнак, некалькі цукерак, а мала таго, што сама атрымала асалоду ад іх стварэння, так яшчэ і ад пакупнікоў атрымала шмат слоў удзячнасці і захаплення. І гэта выдатна )))

04 July 2019

Лета - гэта...

Нешта лета ў нас у Беларусі раптам скончылася, таму сама намалюю яго )))
Здаецца, што летам магу сілкавацца адным марозівам. Якое маё любімае? Любое! А ведаеце, што у нас з'явілася марозіва "Валошка". Яно з пялёсткамі валошак і насеннем лёну ў жытнёвым кубачку. Яшчэ не траплялася мне, але абавязкова яго знайду і паспрабую.
Летам наш дом патанае у кветках, амаль усе балконы упрыгожваюць рознакаляровыя петуніі. Нават у суседа-халасцяка стаяць нейкія кветкі. У мяне ж з батанікай усё складана, таму мой балкончык час ад часу упрыгожвае Кот ))) 
Тут павінны быць намаляваны клубніцы, але яны не атрымаліся, атрымаўся толькі клубнічны малочны кактэйль ))) У нас свае клубніцы і іх заўсёды вельмі шмат. І кожны сезон гэта сапраўднае выпрабаванне клубніцамі )))  
Якое ж лета без кавуноў! Муж сапраўдны майстар іх выбіраць. Спрабавалі кавун з сырам? 
Яшчэ люблю лета за тое, што можна хоць кожны дзень упрыгожвать пкватэру кветкамі і гэта ніяк не адаб'ецца на бюджэце. )))
 Мора... Без каментарыяў )))

27 May 2019

Кошычак для вязання

Цяпер, калі мая сястра захапілася вязаннем,ёй заўсёды не хапае нітак ))) А раней яна не разумела, як гэта ў мяне можа быць мала тканіны ))) 
Авечку вышыла сястра па маёй просьбе, сама я вышываць зусім не паспяваю. І вось раскрываю сакрэт, як павялічыць колькасць гадзін у сутках:
  1. знайдзіце чалавека, якому няма чым заняцца (неверагодна, але такія існуюць).
  2. навучыце такога чалавека вязаць і вышываць (ці можна проста падказаць канал з відэа-ўрокамі на "YouTube").
  3. прымусьце яго працаваць на вас (шантаж і подкуп ніхто не адмяняў).
Кошычак падарыла сястры, будзем лічыць, што гэта ўкладанне на будучае, на развіццё )))
Р.S. Кошычак шыла па майстар-класу Ларысы Чарнаўской. Яна арганізоўвала ў сваім блоге Совместный проект "Прищепница".