25 June 2014

А ў мяне падаруначак!!!

А ведаеце які я азартны чалавек... О-о-о! Вельмі люблю покер, проста абажаю розныя загадкі і галаваломкі, а квестаў мабыць ужо не засталося, у якія б я не згуляла. Ну як, скажыце, было мінуць гульню, якую прапанавала Таня Ханіфі (нават імя незвычайна пяшчотнае) вось ТУТ. Перамагла, бо заўсёды вельмі ўважліва і па некалькі разоў чытаю ўсе паведамленні, для мяне адказ быў відавочным. А ўзнагародай быў проста чароўны нататнічак!!! Ён мой!!!
 Такі пяшчотны, мяккі, смачненька пахне! Усё зроблена з такой цеплынёй, што ва ўсіх, хто трымаў у руках (ужо паспела і на працы, і усім родным пахваліцца)  выклікае замілаванне і захапленне.  Мне здаецца, гэта пяшчота стане сапраўдным упрыгожваннем майго кутка. Ужо пачала напаўняць яго рознымі сакрэтамі )))
 Гляджу на яго і сама сабе зайздрошчу! Дзякуй, Таня, вялікі-вялікі дзякуй!!! У цябе залатыя рукі, усё, што ты робіш атрымоўваецца неверагодна прыгожым, а каб ствараць такіх лялек, мабыць, трэба быць трошкі богам.

17 June 2014

Працоўны куток. Пачатак.

    Нарэшце я вызначылася з тэкстылем для свайго працоўнага кутка. Гэта беларуская бязь. Чаму? Колерчык прыемны, заўсёды есць у крамах, кошт дэмакратычны і яе можна не шкадаваць і  не баяцца памыліцца))) А якасць можна заўсёды палепшыць флізілінам ці дублерынам ))) Планую, пашыць яшчэ чахол на машынку, падушку-сядушку і розныя дробязі. Планаў - процьма, але пачатак пакладзены.
Белая паверхня - гэта мой стол. Сама шліфавала і фарбавала звычайны мэблевы шчыт з сасны. Гэта было для мяне ўпершыню, таму не стала мудрагеліць, хоць і вельмі хацелася. Вельмі была здзіўлена, калі ідэальна гладкая паверхня, пасля пешага слою акрылавай фарбы стала фактурнай і такой шурпатай, што я ледзь не заплакала))) У выніку: тры слаі фарбы, адзін лаку і шліфоўка пасля кожнага слою. Абавязкова пакажу, але трэба шмат чаго зрабіць.
Планую захоўваць, як на апошнім фота, каб сэканоміць месца, а зверху ўсё будзе закрыта чахлом для машынкі. Ужо пачала думаць над яго выглядам.
Асаблівая падзяка маім натхніцелькам: Наташа ўжо ўладкавала сваё працоўнае месца і шмат майстар-класаў зрабіла, а Аленушка проста энэрджайзер, мне часам здаецца, што гэта некалькі чалавек працуюць пад яе нікам )))!

11 June 2014

Мой блог атрымаў узнагароду!!!

Такую нечаканасць я атрымала ад Таццяны. Узнагарода для блогаў, у якіх менш 200 ПЧ. У Тані малюначка не было таму я сама знайшла.
Па ўмовах трэба:
  • перадаць узнагароду 11-ці блогам (не адолею гэты пункт, бо каб перадаць сваю першую ўзнагароду мне спатрэбілася больш месяца і знайшла я толькі 5 блогаў. Сорамна, што не паспяваю пісаць каментырыі ўсім, да каго запісалася і не хачу, каб такіх блогаў у мяне стала яшчэ больш)
  • адказаць на пытанні (зроблена!)
  • задаць сваіх 11 пытанняў (у Тані цікавыя пынанні, што тут свае прыдумваць.)
Такім чынам, хто хоча адказаць на пытанні і атрымаць прыгожы банар пішыце, я афіцыйна і ўрачыста перадам узнагароду ўсім жадаючым!!!

Мае адказы на пытанні:

1Ці ёсць у вас свой асабісты куток для творчасці?
Ужо амаль ёсць ))) Мая даўняя мара  аб працоўным месцы паступова здзяйсняецца. Ужо ўсё пафарбавала ў белы колер, засталося сабраць і навесіць палічкі )))

2Ваш самы яркі дзіцячы ўспамін?
Помню, як мы з брацікам так хацелі летам ў вёску, што не маглі дачакацца выходных і вырашылі паехаць адны без бацькоў. Мне толькі споўнілася 8 гадоў, а брату было 4,5. Купілі квіткі і ўжо селі ў аўтобус, але ў апошні момант сышлі з'яго, бо мне здалося, што аўтобус на наш нешта не падобны. Квіткі выкінулі і нікому нічога не расказалі. Гэты дзень я помню, як сёння, вельмі добра помню ў чым мы былі апрануты, помню бардовыя фіранкі ў аўтобусе, як пачала хвалявацца, як моцна трымала браціка за ручку ўвесь час і як мне стала лёгка і сорамна, калі ўжо пайшлі з вакзала. А аўтобус і сапраўды быў не наш, проста стаяў на той жа платформе.

3Колькі прыкладна часу ў тыдзень у вас сыходзіць на блогчытанне іншых блогаў?
Чытаю блогі, пішу паведамленні і каментарыі толькі на працы, а свае службовыя абавязкі выконваю ў вольны ад інтэрнэту час ))) А калі сур'ёзна, то атрымоўваецца дзесьці гадзіна-дзве ў дзень. Дома інтэрнэтам зусім не карыстаюся, бо шкада часу.

4Які ваш любімы занятакапроч рукадзелля?
Вельмі люблю чытаць і не магу кінуць кнігу, нават калі яна мне страшэнна не падабаецца. 

5Апошняя прачытаная вамі кніга?
Самымі апошнімі былі "Пісьмы з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і "Жизнь взаймы" Рэмарка.
   
6. Салодкае-горкае-кіслае-салёнае (смакавыя перавагі)?
Салодкае!!! Нават ад звычайных ледзяшоў і карамелек з павідлам ніколі не адмоўлюся )))

7Ці ёсць у вас хатнія гадаванцы?
Сваіх няма, чужых даглядаю час ад часу.

8Што робіць вас па-сапраўднаму шчаслівай?
Самыя шчаслівыя моманты - гэта калі атрымоўваеш пасылку з новымі прыладамі, тканінамі, стужкамі, гузікамі і сядзіш і ўсё гэта перабіраеш. Вось дзе сапраўднае дзіцячае шчасце!!!

9. Дзе вы знаходзіце натхненне?
Інтэрнэт! Сама не магу нічога прыдумаць, а вось скарыстацца чужой ідэяй і дадаць штосьці сваё - гэта я магу )))

10Ваша каронная кулінарная страва?
Гатую зусім мала і толькі прымітыўныя стравы. Калісці навучылася рабіць запяканку з творагу, вось яе я гатую часта, з'ядаецца імгненна, сакрэтны інгрыдыент - какосавая стружка.

11Любімы літаратурны/кінагерой?
Др. Хаўс.