Showing posts with label вязанне. Show all posts
Showing posts with label вязанне. Show all posts

28 January 2021

Другі плед

    Апошнюю рэч звязала восенню 2018 года, гэта быў Плед "Пяшчотная калючка". Не магу паверыць, што так даўно не трымала кручок у руках. У такім хуткім тэмпе жыцця, вязанне стала раскошай. Падлічыла, што звязаць новы плед змагу толькі ў навагоднія святы, а потым у мяне замовы, дабрачынны аўкцыён і іншыя планы, таму нават у навагодюю ноч я вязала )))
    Прадбачу пытанне, а што не так са старым пледам? Чаму раптам спатрэбіўся другі? Усё з ім было добра, але ён быў квадратны, а значыць нязручны ))). Цяпер іншая справа, мне падабаецца і памер, і колер, і яго ўзор. Вось толькі ў параўнанні з гэтым, ружовы плед здаецца быў мяккі і пяшчотны нібыта пузіка ў коціка. Спадзяюся, што пакуль новы і  з цягам часу памякчэе яшчэ.
     Дадала схему, па якой вязала, можа каму спатрэбіцца, шукаць не трэба будзе.

15 November 2018

Плед "Пяшчотная калючка" )))

Першы мой плед і першая такая вялікая рэч, якую вязала. Атрымаўся штосьці каля 150*150 см. Ніткі гэтыя купляла мая мама яшчэ можа у 90-ыя, калі быў страшэнны дэфіцыт. 100% воўна, колер брудна-ружовы і калючыя нібы шыпшына.
Спачатку вязаць з іх спрабавала мая цётка, потым я.  Ну вось нарэшце яшчэ адзін даўгавяз скончаны. І звязаўся плед вельмі хутка, бо ўзор зусім просты.
Навошта атласныя стужкі ў пледах не вельмі разумею, але і не супраць іх, чаму б і не...  
Стужку ўцягнула толькі для фотаздымкаў, так для гісторыі і шмат каму гэты варыянт спадабаўся больш.
Коціку таксама вельмі пледык спадабаўся )))

24 May 2018

Пеналы

Нашыла пеналаў. На замову трэба было пашыць адзін, што ў зорачкі. Але ж так не хацелася даставаць машынку дзеля адной касметычкі. Гэта ж як выкаціць пепелац (хто ў тэме, той зразумее). 
 
Прыладкавала карункі, што некалі навязала. Так была задаволена, што пазбавілася ад іх, а цяпер ужо думаю, што трэба яшчэ навязаць ))) 
Першы раз атрымаліся сапраўдныя пеналы. Ружовы прапанавала ў якасці лота на дабрачынны аўкцыён
 
 

07 December 2017

Пра маё вязанне

Шыццё з усіх відаў рукадзелля больш іншых прыносіць мне асалоду, але мне вельмі цяжка пачаць новы працэс, а яшчэ цяжэй яго скончыць ))) Тут трэба  чакаць натхнення. А дачакалася - хавайцеся. Усе мае скрыні з тканінамі і рознымі прыладамі нібыта падрываюцца, і пакой раўнамерна пакрываецца іх рознакаляровым змесцівам. Потым гэта ўсё паступова вяртаецца на месцы, а на наступны дзень усё зноў падрываецца, нібы гранату хто кінуў. 
У працэсе ж вязання, такога вар'яцтва няма. Можна ўтульненька захутацца ў плед, уключыць серыял ці аўдыякнігу і сядзець. Калі вяжаш, не трэба ўвесь час кудысьці падскокваць, перамяшчацца і штосьці шукаць: нажніцы, мел, лінейку, зноў нажніцы, бясконца бегаць паміж машынкай і прасавальнай дошкай, а ў кватэры чысціня і спакой. 
Размаўляць са мной у час вязання складана. Гэта выглядае прыкладна так: "Сёння тэлефанавала мама... адзін, два, тры, чатыры, пяць... пыталася, калі мы ... адзін, два, тры..." І сварыцца не атрымоўваецца, бо пакуль палічу, ужо і не важна. Так што, усім раю ))))

01 February 2017

Чарговы набор касметычка + вокладка

А ў мяне ўсё ніяк не скончыцца касметычкавы перыяд )))Тканіны нейк самі падабраліся, злажыліся, а ідэя што пашыць так і не нарадзілася. Таму вось... зноў касметычка.

16 January 2017

Швэдрык на сабачку

Вязаць спіцамі я не вельмі люблю, бо не ўмею. Заўсёды шмат перавязваю і петлі роўнымі не атрымліваюцца. Ну а тут сястра паскардзілася, што апранаць Сціві складана, і размер не знайсці, і дорага. Вось і звязала, каб зусім не забыцца, як гэта робіцца.
Па Сціві можна адразу зразумець падабаецца яму адзежа ці не. Калі яму не камфортна, то ён зусім перастае рухаецца, стаіць што ўкапаны.
У маім жа швэдрыку ну не злавіць, а на лета Сціві заўсёды коратка стрыгуць, то кофтачка зусім свабодная будзе. І сфатаграфаваць таксама немагчыма, адно выйсце - падваконнік. Тут ужо не збяжыш, ды і ёсць чым заняцца, напрыклад пагаўкаць на трактар, што прыбірае снег пад вокнамі. 
А куды Сціві - туды і котка. Відаць думала, што гэта ёй прывезлі новую цацку. Потым некалькі дзён усё шукала яго.

02 June 2016

Ажурныя кошычкі

Убачыла ў інтэрнэт-краме падобныя кошычкі, вельмі спадабаліся, але іх кошт зусім не спадабаўся )))  

23 February 2016

Сурвэтка № 3

 
Калі у мяне прападае натхненне і здаецца, што крэатыў, творчасць - гэта не пра мяне, калі ўзнікае неабходнасць пераключыцца, я вяжу  сурвэткі. Гэта сапраўдны адпачынак, а што, думаць не трэба, крэатыву ніякага, вяжы сабе па схеме, можна нават фільм паглядзець і сумленне не будзе мучыць за марна патрачаны час))). А галоўнае гэта займае адзін-два вечары. 
Схема ТУТ

16 June 2015

Сурвэтка № 2


У мяне зноў сурвэтка. Схема знайшлася ТУТ. Блакаванне выпадкова зрабіла інакш, таму яна трошкі адрозніваецца ад арыгінала.
Пабегла працаваць, у наступны раз абяцаю, словаў будзе больш )))

09 May 2015

Сурвэтка



Сурвэтка звязалася маме, замест нейкай недарэчнай фіялетавай, зусім палінялай, якую я звязала яшчэ ў школе. Можа хоць зараз яна выкіне гэтае страхоцце )))

10 March 2015

Шапка, шалік і восеньскія каты.

Адным выдатным восеньскім днём пачала вязаць сабе шапачку. Дайшлі рукі да ніткак з цукеркі (Алёнушка, прывітанне!).  Шапачку звязала хутка, з першага раза за вечар. Такая мяккая атрымалася, што захацелася мне да камплекту яшчэ і шалік звязаць, тым больш выпадкова знайшла гэтыя ж ніткі. Звязала, зіму аднасіла, а паказаць забылася.
Пачала вязаць у лістападзе, калі былі ў вёсцы. Вакол такая цішыня, што нават размаўляць страшна. Усе навакольныя каты сабраліся на нашым надворку. Котка  Рыска ўжо бяззубая, дзікаватая, сапраўдная  драпежніца і паляўнічая.
Сусецкі кот (мянушку не памятаю), такі разбэшчаны і нахабны, што ой-ой, але і вельмі ласкавы (асабліва, калі галодны).
Не, ну згадзіцеся, чым не сакавіцкія каты, хоць і сфатаграфаваныя ў лістападзе )))

07 January 2015

Блакітны анёлак і ружовыя прышчэпкі.

Віншую ўсіх праваслаўных вернікаў з Раством Хрыстовым і жадаю ўсім толькі светлых і добрых думак,  шчырасці і зычлівасці, здзяйснення мар і надзей! 
 
 Каб зрабіць фотаздымкі сваіх прышчэпак больш святочнымі, пазычыла анёлка, якога нехта падарыў маці майго мужа (не вельмі люблю слова "свякруха"), таму схему анёлка не ведаю. А гісторыя стварэння гэтых прышчэпак такая. Усё пачалося з таго, што Наташа пашыла вельмі прыгожую і патрэбную рэч - вось такія кішэні. У той жа дзень мой спіс жаданняў стаў большы яшчэ на адзін пункт ))) Я ўжо ў думках і тканіны выбіраю, і аздабленні розныя прыдумваю. А пачаць вырашыла з прышчэпак. Ну як у такую прыгожую (у марах) кішэню складваць мае ўжо страшэнныя прышчэпкі?! 

27 May 2014

Пра кветкі, сурвэтку і печыва.

 
 На выходныя ездзілі на р. Вілію. Вырашылі адпачнуць пасіўна - без байдаркі (шмат месца займае і клопату з ёй) і пашкадавалі. Можна было браць, пасля дажджоў рэчка шырокая, павольная. Мясціны вельмі прыгожыя. Уздоўж бярагоў зацвілі ірысы, час ад часу вецер прыносіў проста неверагодны водар чаромхі, а як спявалі птушкі і жабы, словамі не перадаць )))
   Ноччу абяцалі метэарытны дождж, але ніводнай знічкі я так і не дачакалася і сваё жаданне так і не загадала...
     Звычайна я бяру з сабою кнігу, але ў гэты раз вырашыла паспрабаваць пасамаробнічаць. Вышываць пакуль не магу, таму мне засталося толькі ўзяцць вязанне. Першы раз вязала без схемы, думала, што не адолею гэтую сурвэтку, але ўсё дастаткова зразумела, вельмі дапамог малюнак гатовай сурвэткі.
   Вязала з бавоўны №10 натуральнага колеру, кручком 1,6. Пасля прання і прасавання сурвэтка атрымалася 24см (у іншых яна атрымалася большага памеру). Схему і апісанне ўзяла ТУТ
    А яшчэ хачу падзякаваць Вольгу за рацэпт пячэння. Гатуецца вельмі проста і хутка, а водар і смак такі, што яно ледзь дажыло да фотаздымкі.