09 September 2016

Вокладка на пасведчанне.

Універсальную вокладку зрабіла на дабрачынны аўкцыён. На мой погляд можна захоўваць і пасведчанне аб шлюбе і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Дэкор вельмі лаканічны, проста на нешта сур'ёзнае не хапіла ні часу, ні крэатыву. Так хацела прагуляць гэты аўкцыён, але сумленне замучыла ))). Але гэта апошні раз, усё, потым буду толькі пакупніком.
Пакажу тэчку ў рукадзельным кафэ

16 August 2016

Дыванок пад швейную машынку

Ізноў мала слоў і мала фота. Працягваю пазбаўляцца ад абрэзкаў, вынік - адна скрыня стала закрывацца )))

11 August 2016

Касметычка

Як не пашыю сабе касметычку, так ёй ногі і зробяць. Гэтым разам пашыла ну проста са смецця (Таня, дзякуй за ідэю), нават маланка б/у ))) 
Ну вось чаму сабе так шкада з чагосьці прыстойнага пашыць? А у вас гэтак жа?
Сфатаграфавала і закінула сабе ў торбу, ну каб ужо ніхто не спакусіўся на такое дабро )))

05 August 2016

  Ох, як жа цяжка было аддаваць Мурзіка (цяпер ён Дымок)... Нават мой тата хадзіў сумны. Але ўсё разумелі маме з двума будзе цяжка, асабліва потым, калі трэба будзе вяртацца ў кватэру. Коцік трапіў у вельмі добрыя рукі. Можна сказаць, што ён няпроста знайшоў новых гаспадароў, а сам стаў гаспадаром у новай сям'і ))) Такі пан, усё круціцца вакол яго... 
  А я не разумею, чаму ўсім больш падабаўся коцік? Ён канечне прышпільны і больш ласкавы, і такі ўжо абармот...
але маё сэрца скарыла котка. Прыгажуня...
Спрытная, разумная, сапраўдная драпежніца
 і заўсёды такая сур'ёзная... Фатаграфаваць яе адно задавальненне.

01 August 2016

Міні-кашалёк

Такая малюпаха атрымалася, што мне здаецца ім зусім нязручна карыстацца, але як кажуць "хозяин-барин".
З гэтым кашальком заскочу амаль у апошні вагон праекта "Любимый материал. Ткань." на Першым беларускім. 

14 July 2016

Вот оно какое наше лето...

Гэта лета зусім нешта няласкавае... і гэта яшчэ мякка сказана )))
таму сёння раніцай зрабіла такія фотаздымкі, тым больш звязаліся кошычкі для працоўнага кутка, ёсць хоць што паказаць.

А яшчэ патрэбна было нейк захаваць у памяці гэтыя званочкі ))) Так прыемна атрымоўваць вось такія простыя і мілыя знакі ўвагі ад любімага чалавека, а колькасць намаганняў прыкладзеных, каб іх данесці і прывезці, робяць іх неверагодна каштоўнымі.
Дзякую ўсім за каментарыі, чакаю кожнага слова, таму вельмі сорамна, што не магу адказваць. Хутка ўжо скончыцца гэтае вар'яцтва, звязанае з дэнамінацыяй і ЭСЧФ і я буду на рабоце займацца сапраўднай справай - наведваць вашыя блогі і каментаваць паведамленні )))

21 June 2016

Не мела баба клопату...

Так і засталося загадкай, як зусім сляпыя і кволыя кацяняты апынуліся ў нас на надворку. 
Маёй маме прыйшлося павазіцца з імі. За два тыдні падраслі, сталі прыгожанькімі і такімі пацешнымі.
Аблюбавалі рэшткі старога плота. Як малпачкі гойсаюць, такія спрытныя, можна гадзінамі назіраць за імі, нават калі спяць.

13 June 2016

Сумачка і кашалёк

Летняя яркая сумачка для дзяўчынкі.
Сумку шыла з галавы, а вось кашалёчак па цудоўнаму майстар-класу.
Сумачку пакажу ў праекце Першага беларускага "Метод отрицания". Тематическое задание июня "Разноцветное детство". Там нельга выкарыстоўваць ружовы колер, таму кашалёк пралятае )))

08 June 2016

Прышчэпкі ў торбачцы.

Дэкупажыла прышчэпкі... кітайскія... ізноў ))) Ляжалі яны, бо на замову зрабіла іншыя, і ляжаў набор тканін. Гэтыя "кітайцы" знайшлі адзін аднаго.
Так не люблю, калі ўсё аднаго колеру, а тут так смешна стала і нават захацелася наадварот падкрэсліць такое падабенства.
Адна торбачка 9х9х13 см, і дванадццаць прышчэпак па 9см.
Атрымалася вельмі зручная і шматфункцыянальная рэч. 
Гэты набор таксама аддала на дабрачынны аўкцыён, бо колер не мой ))) І пакажу свой камплект у рукадзельным кафэ

02 June 2016

Ажурныя кошычкі

Убачыла ў інтэрнэт-краме падобныя кошычкі, вельмі спадабаліся, але іх кошт зусім не спадабаўся )))