29 September 2014

Фотарамка-магніт на лядоўню.


 Вельмі цікава было зрабіць нешта новае і зусім іншае, тым больш магнітныя лісты даўно чакалі свайго часу.

 
 Магніцік атрымаўся 12х12 см, акенца 10х10 см. Замест шкла - празрыстая плёнка ПЭТ-Э.

05 September 2014

Холдар для дакументаў "Бхадо"

   Прывітанне, мае любыя! Нарэшце пачалася восень! Падабаецца ўсё восеньскае: і бабіна лета, і лістапад, і нават самыя змрочныя дажджлівыя вечары. Восень - гэта час самага прыгожага неба і водару грыбоў ў лясах, гэта час, калі ўсё навокал пачынае сумаваць аб адышоўшым леце і сум гэты ціхі і светлы.
    А гэта водгук лета і мары пра адпачынак ))) Даўно ўжо хацела пашыць сабе арганайзер для розных дакументаў, што патрэбны мне для працы, а дзякуючы конкурсу і пашыўся. Вырашыла так, калі добра атрымаецца, то адпраўлю на конкурс. Атрымаўся больш-менш, касякі ёсць, але ж нават ледзь не патрапіў ў 10-ку лепшых, чым я вельмі задаволена, не разлічвала на такі вынік. Дзякуй вялікі ўсім, хто аддаў свае галасы!

08 July 2014

Вокладка ў стыле Hello Kitty

Вокладка шылася для дзяўчыны, якой падабаецца ўсё з гэтай коткай, пашыць трэба было яшчэ ў траўні... А ідэя з'явілася, калі Наташа напісала пра Виды аппликаций. Знакомство. Наташа, нарэшце я гэта зрабіла! Ну не магу я без натхнення працаваць. 

У пошуках натхнення зрабіла наступныя вокладкі, якія не хацела нават і паказваць (ну зусім прымітыў), але гэтыя вокладкі так хутка знайшлі сваіх уладальнікаў і выклікалі столькі захаплення, што я была проста збянтэжана. Выкарыстоўвала звычайныя тэрматрансферы, якія набыла некалькі гадоў таму, але так і не зразумела навошта іх купіла, мабыць проста пагуляцца.  
 

25 June 2014

А ў мяне падаруначак!!!

А ведаеце які я азартны чалавек... О-о-о! Вельмі люблю покер, проста абажаю розныя загадкі і галаваломкі, а квестаў мабыць ужо не засталося, у якія б я не згуляла. Ну як, скажыце, было мінуць гульню, якую прапанавала Таня Ханіфі (нават імя незвычайна пяшчотнае) вось ТУТ. Перамагла, бо заўсёды вельмі ўважліва і па некалькі разоў чытаю ўсе паведамленні, для мяне адказ быў відавочным. А ўзнагародай быў проста чароўны нататнічак!!! Ён мой!!!
 Такі пяшчотны, мяккі, смачненька пахне! Усё зроблена з такой цеплынёй, што ва ўсіх, хто трымаў у руках (ужо паспела і на працы, і усім родным пахваліцца)  выклікае замілаванне і захапленне.  Мне здаецца, гэта пяшчота стане сапраўдным упрыгожваннем майго кутка. Ужо пачала напаўняць яго рознымі сакрэтамі )))
 Гляджу на яго і сама сабе зайздрошчу! Дзякуй, Таня, вялікі-вялікі дзякуй!!! У цябе залатыя рукі, усё, што ты робіш атрымоўваецца неверагодна прыгожым, а каб ствараць такіх лялек, мабыць, трэба быць трошкі богам.

17 June 2014

Працоўны куток. Пачатак.

    Нарэшце я вызначылася з тэкстылем для свайго працоўнага кутка. Гэта беларуская бязь. Чаму? Колерчык прыемны, заўсёды есць у крамах, кошт дэмакратычны і яе можна не шкадаваць і  не баяцца памыліцца))) А якасць можна заўсёды палепшыць флізілінам ці дублерынам ))) Планую, пашыць яшчэ чахол на машынку, падушку-сядушку і розныя дробязі. Планаў - процьма, але пачатак пакладзены.
Белая паверхня - гэта мой стол. Сама шліфавала і фарбавала звычайны мэблевы шчыт з сасны. Гэта было для мяне ўпершыню, таму не стала мудрагеліць, хоць і вельмі хацелася. Вельмі была здзіўлена, калі ідэальна гладкая паверхня, пасля пешага слою акрылавай фарбы стала фактурнай і такой шурпатай, што я ледзь не заплакала))) У выніку: тры слаі фарбы, адзін лаку і шліфоўка пасля кожнага слою. Абавязкова пакажу, але трэба шмат чаго зрабіць.
Планую захоўваць, як на апошнім фота, каб сэканоміць месца, а зверху ўсё будзе закрыта чахлом для машынкі. Ужо пачала думаць над яго выглядам.
Асаблівая падзяка маім натхніцелькам: Наташа ўжо ўладкавала сваё працоўнае месца і шмат майстар-класаў зрабіла, а Аленушка проста энэрджайзер, мне часам здаецца, што гэта некалькі чалавек працуюць пад яе нікам )))!

11 June 2014

Мой блог атрымаў узнагароду!!!

Такую нечаканасць я атрымала ад Таццяны. Узнагарода для блогаў, у якіх менш 200 ПЧ. У Тані малюначка не было таму я сама знайшла.
Па ўмовах трэба:
  • перадаць узнагароду 11-ці блогам (не адолею гэты пункт, бо каб перадаць сваю першую ўзнагароду мне спатрэбілася больш месяца і знайшла я толькі 5 блогаў. Сорамна, што не паспяваю пісаць каментырыі ўсім, да каго запісалася і не хачу, каб такіх блогаў у мяне стала яшчэ больш)
  • адказаць на пытанні (зроблена!)
  • задаць сваіх 11 пытанняў (у Тані цікавыя пынанні, што тут свае прыдумваць.)
Такім чынам, хто хоча адказаць на пытанні і атрымаць прыгожы банар пішыце, я афіцыйна і ўрачыста перадам узнагароду ўсім жадаючым!!!

Мае адказы на пытанні:

1Ці ёсць у вас свой асабісты куток для творчасці?
Ужо амаль ёсць ))) Мая даўняя мара  аб працоўным месцы паступова здзяйсняецца. Ужо ўсё пафарбавала ў белы колер, засталося сабраць і навесіць палічкі )))

2Ваш самы яркі дзіцячы ўспамін?
Помню, як мы з брацікам так хацелі летам ў вёску, што не маглі дачакацца выходных і вырашылі паехаць адны без бацькоў. Мне толькі споўнілася 8 гадоў, а брату было 4,5. Купілі квіткі і ўжо селі ў аўтобус, але ў апошні момант сышлі з'яго, бо мне здалося, што аўтобус на наш нешта не падобны. Квіткі выкінулі і нікому нічога не расказалі. Гэты дзень я помню, як сёння, вельмі добра помню ў чым мы былі апрануты, помню бардовыя фіранкі ў аўтобусе, як пачала хвалявацца, як моцна трымала браціка за ручку ўвесь час і як мне стала лёгка і сорамна, калі ўжо пайшлі з вакзала. А аўтобус і сапраўды быў не наш, проста стаяў на той жа платформе.

3Колькі прыкладна часу ў тыдзень у вас сыходзіць на блогчытанне іншых блогаў?
Чытаю блогі, пішу паведамленні і каментарыі толькі на працы, а свае службовыя абавязкі выконваю ў вольны ад інтэрнэту час ))) А калі сур'ёзна, то атрымоўваецца дзесьці гадзіна-дзве ў дзень. Дома інтэрнэтам зусім не карыстаюся, бо шкада часу.

4Які ваш любімы занятакапроч рукадзелля?
Вельмі люблю чытаць і не магу кінуць кнігу, нават калі яна мне страшэнна не падабаецца. 

5Апошняя прачытаная вамі кніга?
Самымі апошнімі былі "Пісьмы з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і "Жизнь взаймы" Рэмарка.
   
6. Салодкае-горкае-кіслае-салёнае (смакавыя перавагі)?
Салодкае!!! Нават ад звычайных ледзяшоў і карамелек з павідлам ніколі не адмоўлюся )))

7Ці ёсць у вас хатнія гадаванцы?
Сваіх няма, чужых даглядаю час ад часу.

8Што робіць вас па-сапраўднаму шчаслівай?
Самыя шчаслівыя моманты - гэта калі атрымоўваеш пасылку з новымі прыладамі, тканінамі, стужкамі, гузікамі і сядзіш і ўсё гэта перабіраеш. Вось дзе сапраўднае дзіцячае шчасце!!!

9. Дзе вы знаходзіце натхненне?
Інтэрнэт! Сама не магу нічога прыдумаць, а вось скарыстацца чужой ідэяй і дадаць штосьці сваё - гэта я магу )))

10Ваша каронная кулінарная страва?
Гатую зусім мала і толькі прымітыўныя стравы. Калісці навучылася рабіць запяканку з творагу, вось яе я гатую часта, з'ядаецца імгненна, сакрэтны інгрыдыент - какосавая стружка.

11Любімы літаратурны/кінагерой?
Др. Хаўс.

27 May 2014

Пра кветкі, сурвэтку і печыва.

 
 На выходныя ездзілі на р. Вілію. Вырашылі адпачнуць пасіўна - без байдаркі (шмат месца займае і клопату з ёй) і пашкадавалі. Можна было браць, пасля дажджоў рэчка шырокая, павольная. Мясціны вельмі прыгожыя. Уздоўж бярагоў зацвілі ірысы, час ад часу вецер прыносіў проста неверагодны водар чаромхі, а як спявалі птушкі і жабы, словамі не перадаць )))
   Ноччу абяцалі метэарытны дождж, але ніводнай знічкі я так і не дачакалася і сваё жаданне так і не загадала...
     Звычайна я бяру з сабою кнігу, але ў гэты раз вырашыла паспрабаваць пасамаробнічаць. Вышываць пакуль не магу, таму мне засталося толькі ўзяцць вязанне. Першы раз вязала без схемы, думала, што не адолею гэтую сурвэтку, але ўсё дастаткова зразумела, вельмі дапамог малюнак гатовай сурвэткі.
   Вязала з бавоўны №10 натуральнага колеру, кручком 1,6. Пасля прання і прасавання сурвэтка атрымалася 24см (у іншых яна атрымалася большага памеру). Схему і апісанне ўзяла ТУТ
    А яшчэ хачу падзякаваць Вольгу за рацэпт пячэння. Гатуецца вельмі проста і хутка, а водар і смак такі, што яно ледзь дажыло да фотаздымкі.

21 May 2014

Вокладка на пашпарт

Гэта мая першая вокладка і пашыта яна на заказ. Выбар матэр'ялоў, колер быў на мой густ. Ідэя была зрабіць крэйзі. Ой не ведаю, спадабаецца ці не, можа зраблю яшчэ адну зусім іншую, а гэтую адам на дабрачынны аўкцыён ))) Пабачым... Атрымалася трошкі не практычная, бо шмат белага колеру, але ўсё надзейна прышыта, таму можна і папраць, калі што.

25 April 2014

Шпакоўня для велікоднага яйка.

Заўсёды на Вялікдзень рыхтую сюрпрыз для свайго хросніка. У гэты раз ідэя з'явілася яшчэ ў лютым, калі Кацярына  напісала паведамленне Весна на подоконнике. У яе там такія прыгожыя кветкі, птушкі і шпакоўні!!!
У мяне вось што атрымалася. Муж сказаў, што больш падобны на прыгожую будку для сабакі ))) Дах адчыняецца з аднаго боку, каб можна было пакласці і дастаць яйка.


22 April 2014

Падаруначак!

      Учора забрала з пошты падаруначак ад Святланы за ўдзел у сумеснам пашыве чахла на кубачак, а спонсар - Святлана, гаспадыня крамы homyachok.by.  Ура!!! Як жа прыемна атрымоўваць падарункі ад рукадзельніц!  Не ведаю як для вас, а для мяне гэта самыя чаканыя, самыя прыемныя ))) Я выбрала новы дзіракольчык (даўно шукала менавіта з гэтым узорам), а шакаладка і сэрца гэта прыемны дадатак ))) Вялікі дзякуй вам, Святланкі!!!