22 March 2021

Гэта была горшая зіма

Калісьці напісала паведамленне Гэта мая лепшая зіма, сёння хачу расказаць пра горшую зіму майго жыцця, ёю стала канечне гэтая зіма і яна ўсё ніяк не скончыцца. Зіму зусім не хвалюе, што на календары 22 сакавіка, яна ужо проста ўсім абрыдла, але усё роўна адмаўляецца сыходзіць (нічога не нагадвае?). Здаецца ніколі не скончыцца гэты жудасны холад, гэты бясконцы страх і безнадзейнасць. Успомнілася фраза са стужкі "Дзень сурка": 

А для кагосьці гэтая зіма насамрэч доўжылася да канца жыцця... Усяго адзін дзень не дажыў мой тата да вясны, якую так чакаў, але так і не дачакаўся... Жывіце і атрымлівайце асалоду ад усяго, нават ад любой дробязі, бо жыццё мае непрыемную ўласцівасць сканчацца, і часам вельмі раптоўна і імгненна... 

28 January 2021

Другі плед

    Апошнюю рэч звязала восенню 2018 года, гэта быў Плед "Пяшчотная калючка". Не магу паверыць, што так даўно не трымала кручок у руках. У такім хуткім тэмпе жыцця, вязанне стала раскошай. Падлічыла, што звязаць новы плед змагу толькі ў навагоднія святы, а потым у мяне замовы, дабрачынны аўкцыён і іншыя планы, таму нават у навагодюю ноч я вязала )))
    Прадбачу пытанне, а што не так са старым пледам? Чаму раптам спатрэбіўся другі? Усё з ім было добра, але ён быў квадратны, а значыць нязручны ))). Цяпер іншая справа, мне падабаецца і памер, і колер, і яго ўзор. Вось толькі ў параўнанні з гэтым, ружовы плед здаецца быў мяккі і пяшчотны нібыта пузіка ў коціка. Спадзяюся, што пакуль новы і  з цягам часу памякчэе яшчэ.
     Дадала схему, па якой вязала, можа каму спатрэбіцца, шукаць не трэба будзе.

30 November 2020

Падушачка "Аленяня"

Лічу, што ўвесь гэты навагодні дэкор - пустое марнаванне грошаў, часу, а галоўнае месца (усё гэтае дабро патрэбна дзесьці захоўваць цэлы год). Розум кажа: "Не! Ну зразумей, што фактычна гэта проста смецце, пластык, якога і так вельмі шмат навокал". 😢
Але як жа гэта прыгожа!!! Як жа мне падабаецца ствараць навагоднія рэчы, рабіць падаруначкі і пакуначкі, маляваць паштоўкі 😍. Канечне па магчымасці імкнуся ствараць экалагічныя рэчы і больш не купляць новых упрыгожванняў. Нават хацела прадаць елку і ўсе цацкі, але пакуль пакінула як фота рэквізіт.
Памятаеце падушачку "Гномы"? Падушка была створана ў 2018 годзе для дабрачыннага аўкцыёна на карысць Грышы Даўгіх. Зараз ізноў пачаўся зімовы дабрачынны аўкцыён, ізноў для Грышы і ў мяне ізноў навагодняя падушка 😃.

25 November 2020

Восень 2020.

Засталося ўсяго некалькі дзён восені, запомню яё назаўсёды.

Восеньскі водар адметны, прыемны,

Здаецца звычайным і трошкі таемным.

Гэта водар ужо адышоўшага лета,

Утульна ахутвае ён быццам бы пледам.


Пахне восень дажджом і лісцем апалым,

Гарачай гарбатай і кніжкай цікавай,

Смачнай аладкай з бабулінай печы,

Сумным настоем, ад якога ня збегчы.

 

Восень пахне камусьці грушай духмянай,

Раніцай ціхай і кубачкам кавы,

Можа яблыкам спелым і грыбамі ў лесе,

Альбо парасонам пакінутым дзесьці.

 

Можа ветрам халодным, што сціхае пад вечар,

Яшчэ чымсьці цёплым, як з сябрам сустрэча.

Для кожнага пах гэты – свой, асаблівы,

Бо восеньскі водар – гэта пах успамінаў.

Наскрапіла ўсялякага

05 June 2020

Мае дасягненні

Працягваю вучыцца акварэльнаму скетчынгу. Падабаецца! Прагрэс ёсць і ён відавочны. Змяніла настаўніцу і памятаю, якімі складанымі здаваліся яе ўрокі спачатку. Яшчэ хачу навучыцца прыгожа пісать розныя надпісы (летэрынг). 
А яшчэ я навучылася збіраць кубік Рубіка, зараз вучуся рабіць гэта хутка. Марыла яшчэ з дзяцінства, мэту паставіла ў 2017 годзе, а навучылася неспяшаючыся за тыдзень ))) На чарзе навучыцца плаваць, а не сяк-так трымацца на вадзе. 

27 May 2020

Фетравая градка

Зноў развіццёвая цацка з фетру ў цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям, што ў Бараўлянах. Відаць, галодны вусень вельмі спадабаўся, бо слёзна прасілі пашыць яшчэ зайчыкаў і маркоўную градку.
Усе выкрайкі, шаблоны малявала сама. Беленькі зайчык атрымаўся з першага разу, морквачкі - з другога, а вось, калі шыла шэрага зайчыка, то спачатку не спадабалася форма галавы, потым перарабляла тварык і вушы, а ў выніку прыйшлося прыдумваць, чым жа узмацніць шыю. Звязала шалікі абодвум, аднаму, каб галава не боўталася, а другому для прыгажосці )))
З дапамогай зайчыкаў і іх градкі можна вывучаць "большы-меншы", лік, колеры, назвы і  асаблівасці агародніны.
Звязала кошычак для збору ўраджаю. Вязала кручком, схема з галавы, стабілізавала крухмалам. Цяпер гэта самая любімая рэч, нават аддаваць было шкада )))

26 May 2020

Вельмі галодны вусень.

Пашыла развіццёвую гульню ў цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям, які знаходзіцца ў Бараўлянах, што пад Мінскам.
Гульня пашыта з фетру па матывах знакамітай дзіцячай кнігі Эрыка Карла "Вельмі галодны вусень".


У беларускім перакладзе кніга выйшла ў 2019 годзе, праз 50 год пасля першага выдання арыгіналу.

04 November 2019

Салодкая восень...

Восень ужо хутка скончыцца, а я так яшчэ і не паказала, што насамаробнічала. Пачну з дабрачыннага аўкцыёна. Прызнаюся, кожны раз усё цяжэй і цяжэй удзельнічаць: пакупнікоў становіцца менш, кошт лотаў паніжаецца і ўсе роўна не ўсе выкупляюцца, шмат каму зараз не да дабрачыннасці. Але не будзем пра сумнае... 
Мае і букет з цукерак, і кошычак для хлеба хутка знайшлі сваіх уладальнікаў. Нават была барацьба ))) А гэта вельмі натхняе, не дае апусціць рукі.
А такія асеннія пакуначкі з цукеркамі атрымалі пакупнікі маіх лотаў.  Здаецца, ну што тут такога: звычайны крафт-пакет, акварэльны малюнак, некалькі цукерак, а мала таго, што сама атрымала асалоду ад іх стварэння, так яшчэ і ад пакупнікоў атрымала шмат слоў удзячнасці і захаплення. І гэта выдатна )))

04 July 2019

Лета - гэта...

Нешта лета ў нас у Беларусі раптам скончылася, таму сама намалюю яго )))
Здаецца, што летам магу сілкавацца адным марозівам. Якое маё любімае? Любое! А ведаеце, што у нас з'явілася марозіва "Валошка". Яно з пялёсткамі валошак і насеннем лёну ў жытнёвым кубачку. Яшчэ не траплялася мне, але абавязкова яго знайду і паспрабую.
Летам наш дом патанае у кветках, амаль усе балконы упрыгожваюць рознакаляровыя петуніі. Нават у суседа-халасцяка стаяць нейкія кветкі. У мяне ж з батанікай усё складана, таму мой балкончык час ад часу упрыгожвае Кот ))) 
Тут павінны быць намаляваны клубніцы, але яны не атрымаліся, атрымаўся толькі клубнічны малочны кактэйль ))) У нас свае клубніцы і іх заўсёды вельмі шмат. І кожны сезон гэта сапраўднае выпрабаванне клубніцамі )))  
Якое ж лета без кавуноў! Муж сапраўдны майстар іх выбіраць. Спрабавалі кавун з сырам? 
Яшчэ люблю лета за тое, што можна хоць кожны дзень упрыгожвать пкватэру кветкамі і гэта ніяк не адаб'ецца на бюджэце. )))
 Мора... Без каментарыяў )))