23 December 2014

Святочны настрой ёсць!

    Вось і я атрымала свой падарунак! Прыляцеў ён з Украіны ад самай лепшай снягуркі ў свеце - Вікі, якая вядзе цудоўны блог По неизведанным дорожкам... Каб атрымаць 100% сюрпрыз, я нават не заходзіла да яе ў блог. Так смешна зараз успамінаць, як хвалявалася Віка за свой падарунак, калі мы перапісваліся з ёй наконт адраса. Я атрымала сапраўдны скарб!!! Сказаць, што мне ўсё спадабалася - гэта нічога не сказаць. Я такая шчаслівая!!! Сэрца проста выскоквае ад захаплення і радасці!!! Здіўляе, як Віка зразумела, што мне падабаецца, можа думкі прачытала?.. Спачатку ўсё маё багацце разам: 
 Тканінкі шыкоўныя, якасць выдатнейшая,  колеры цудоўныя. М-м-м... абажаю!
Далей мае любімыя стужачкі і карункі, якіх ніколі шмат не бывае. Дарэчы, чырвонай стужачкі амаль ужо не засталося, праз некалькі дзен пакажу, куды яна дзелася.
Ну а тут усё зразумела. А-а-а!!! Якое усё прыгожанькае!!! Гэта ж мая хвароба. Аднойчы мяне спыталі, як я здымаю стрэс (я ж не п'ю, але і спортам ніякім не займаюся...) Як-як... гузікі перабіраю! 
І нарэшце самае галоўнае, самае доўгачаканае. Гэта мая мара. Вельмі хацела вышыўку, але баялася нават спадзявацца... Та-да-м!!! Фота ўзяла Вікіна, бо мае дрэнна атрымаліся. Яшчэ больш фотаздымкаў ТУТ. Такіх маленькіх крыжыкаў я яшчэ не бачыла, такая неверагодная дасканалая праца, нават дакранацца страшна. І ніякія фотаздымкі не перадаюць усю прыгажосць гэтага пінкіпа. Гэта шэдэўр!
Дзякуй вялікі, Віка, дзякуй за віншаванне і цёплыя словы ў паштоўцы, за сапраўднае багацце, за чароўную казку, якую ты мне падарыла. 

05 December 2014

Новы год усё бліжэй...

А я ўжо нічога не паспяваю... Галоўнае паспела падрыхтаваць усё для навагодняга абмену з Кацяй. Ларысачка пасылку ўжо атрымала, таму паказваю свае самаробкі, а то вы зусім пра мяне забудзецеся, бо і каментаваць не паспяваю. Прабачце мяне, яшчэ два тыдні і гэты вар'яцкі гандаль спыніцца, і я вярнуся да вас, мае любыя.


29 September 2014

Фотарамка-магніт на лядоўню.


 Вельмі цікава было зрабіць нешта новае і зусім іншае, тым больш магнітныя лісты даўно чакалі свайго часу.

 
 Магніцік атрымаўся 12х12 см, акенца 10х10 см. Замест шкла - празрыстая плёнка ПЭТ-Э.

05 September 2014

Холдар для дакументаў "Бхадо"

   Прывітанне, мае любыя! Нарэшце пачалася восень! Падабаецца ўсё восеньскае: і бабіна лета, і лістапад, і нават самыя змрочныя дажджлівыя вечары. Восень - гэта час самага прыгожага неба і водару грыбоў ў лясах, гэта час, калі ўсё навокал пачынае сумаваць аб адышоўшым леце і сум гэты ціхі і светлы.
    А гэта водгук лета і мары пра адпачынак ))) Даўно ўжо хацела пашыць сабе арганайзер для розных дакументаў, што патрэбны мне для працы, а дзякуючы конкурсу і пашыўся. Вырашыла так, калі добра атрымаецца, то адпраўлю на конкурс. Атрымаўся больш-менш, касякі ёсць, але ж нават ледзь не патрапіў ў 10-ку лепшых, чым я вельмі задаволена, не разлічвала на такі вынік. Дзякуй вялікі ўсім, хто аддаў свае галасы!

08 July 2014

Вокладка ў стыле Hello Kitty

Вокладка шылася для дзяўчыны, якой падабаецца ўсё з гэтай коткай, пашыць трэба было яшчэ ў траўні... А ідэя з'явілася, калі Наташа напісала пра Виды аппликаций. Знакомство. Наташа, нарэшце я гэта зрабіла! Ну не магу я без натхнення працаваць. 

У пошуках натхнення зрабіла наступныя вокладкі, якія не хацела нават і паказваць (ну зусім прымітыў), але гэтыя вокладкі так хутка знайшлі сваіх уладальнікаў і выклікалі столькі захаплення, што я была проста збянтэжана. Выкарыстоўвала звычайныя тэрматрансферы, якія набыла некалькі гадоў таму, але так і не зразумела навошта іх купіла, мабыць проста пагуляцца.  
 

25 June 2014

А ў мяне падаруначак!!!

А ведаеце які я азартны чалавек... О-о-о! Вельмі люблю покер, проста абажаю розныя загадкі і галаваломкі, а квестаў мабыць ужо не засталося, у якія б я не згуляла. Ну як, скажыце, было мінуць гульню, якую прапанавала Таня Ханіфі (нават імя незвычайна пяшчотнае) вось ТУТ. Перамагла, бо заўсёды вельмі ўважліва і па некалькі разоў чытаю ўсе паведамленні, для мяне адказ быў відавочным. А ўзнагародай быў проста чароўны нататнічак!!! Ён мой!!!
 Такі пяшчотны, мяккі, смачненька пахне! Усё зроблена з такой цеплынёй, што ва ўсіх, хто трымаў у руках (ужо паспела і на працы, і усім родным пахваліцца)  выклікае замілаванне і захапленне.  Мне здаецца, гэта пяшчота стане сапраўдным упрыгожваннем майго кутка. Ужо пачала напаўняць яго рознымі сакрэтамі )))
 Гляджу на яго і сама сабе зайздрошчу! Дзякуй, Таня, вялікі-вялікі дзякуй!!! У цябе залатыя рукі, усё, што ты робіш атрымоўваецца неверагодна прыгожым, а каб ствараць такіх лялек, мабыць, трэба быць трошкі богам.

17 June 2014

Працоўны куток. Пачатак.

    Нарэшце я вызначылася з тэкстылем для свайго працоўнага кутка. Гэта беларуская бязь. Чаму? Колерчык прыемны, заўсёды есць у крамах, кошт дэмакратычны і яе можна не шкадаваць і  не баяцца памыліцца))) А якасць можна заўсёды палепшыць флізілінам ці дублерынам ))) Планую, пашыць яшчэ чахол на машынку, падушку-сядушку і розныя дробязі. Планаў - процьма, але пачатак пакладзены.
Белая паверхня - гэта мой стол. Сама шліфавала і фарбавала звычайны мэблевы шчыт з сасны. Гэта было для мяне ўпершыню, таму не стала мудрагеліць, хоць і вельмі хацелася. Вельмі была здзіўлена, калі ідэальна гладкая паверхня, пасля пешага слою акрылавай фарбы стала фактурнай і такой шурпатай, што я ледзь не заплакала))) У выніку: тры слаі фарбы, адзін лаку і шліфоўка пасля кожнага слою. Абавязкова пакажу, але трэба шмат чаго зрабіць.
Планую захоўваць, як на апошнім фота, каб сэканоміць месца, а зверху ўсё будзе закрыта чахлом для машынкі. Ужо пачала думаць над яго выглядам.
Асаблівая падзяка маім натхніцелькам: Наташа ўжо ўладкавала сваё працоўнае месца і шмат майстар-класаў зрабіла, а Аленушка проста энэрджайзер, мне часам здаецца, што гэта некалькі чалавек працуюць пад яе нікам )))!

11 June 2014

Мой блог атрымаў узнагароду!!!

Такую нечаканасць я атрымала ад Таццяны. Узнагарода для блогаў, у якіх менш 200 ПЧ. У Тані малюначка не было таму я сама знайшла.
Па ўмовах трэба:
  • перадаць узнагароду 11-ці блогам (не адолею гэты пункт, бо каб перадаць сваю першую ўзнагароду мне спатрэбілася больш месяца і знайшла я толькі 5 блогаў. Сорамна, што не паспяваю пісаць каментырыі ўсім, да каго запісалася і не хачу, каб такіх блогаў у мяне стала яшчэ больш)
  • адказаць на пытанні (зроблена!)
  • задаць сваіх 11 пытанняў (у Тані цікавыя пынанні, што тут свае прыдумваць.)
Такім чынам, хто хоча адказаць на пытанні і атрымаць прыгожы банар пішыце, я афіцыйна і ўрачыста перадам узнагароду ўсім жадаючым!!!

Мае адказы на пытанні:

1Ці ёсць у вас свой асабісты куток для творчасці?
Ужо амаль ёсць ))) Мая даўняя мара  аб працоўным месцы паступова здзяйсняецца. Ужо ўсё пафарбавала ў белы колер, засталося сабраць і навесіць палічкі )))

2Ваш самы яркі дзіцячы ўспамін?
Помню, як мы з брацікам так хацелі летам ў вёску, што не маглі дачакацца выходных і вырашылі паехаць адны без бацькоў. Мне толькі споўнілася 8 гадоў, а брату было 4,5. Купілі квіткі і ўжо селі ў аўтобус, але ў апошні момант сышлі з'яго, бо мне здалося, што аўтобус на наш нешта не падобны. Квіткі выкінулі і нікому нічога не расказалі. Гэты дзень я помню, як сёння, вельмі добра помню ў чым мы былі апрануты, помню бардовыя фіранкі ў аўтобусе, як пачала хвалявацца, як моцна трымала браціка за ручку ўвесь час і як мне стала лёгка і сорамна, калі ўжо пайшлі з вакзала. А аўтобус і сапраўды быў не наш, проста стаяў на той жа платформе.

3Колькі прыкладна часу ў тыдзень у вас сыходзіць на блогчытанне іншых блогаў?
Чытаю блогі, пішу паведамленні і каментарыі толькі на працы, а свае службовыя абавязкі выконваю ў вольны ад інтэрнэту час ))) А калі сур'ёзна, то атрымоўваецца дзесьці гадзіна-дзве ў дзень. Дома інтэрнэтам зусім не карыстаюся, бо шкада часу.

4Які ваш любімы занятакапроч рукадзелля?
Вельмі люблю чытаць і не магу кінуць кнігу, нават калі яна мне страшэнна не падабаецца. 

5Апошняя прачытаная вамі кніга?
Самымі апошнімі былі "Пісьмы з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і "Жизнь взаймы" Рэмарка.
   
6. Салодкае-горкае-кіслае-салёнае (смакавыя перавагі)?
Салодкае!!! Нават ад звычайных ледзяшоў і карамелек з павідлам ніколі не адмоўлюся )))

7Ці ёсць у вас хатнія гадаванцы?
Сваіх няма, чужых даглядаю час ад часу.

8Што робіць вас па-сапраўднаму шчаслівай?
Самыя шчаслівыя моманты - гэта калі атрымоўваеш пасылку з новымі прыладамі, тканінамі, стужкамі, гузікамі і сядзіш і ўсё гэта перабіраеш. Вось дзе сапраўднае дзіцячае шчасце!!!

9. Дзе вы знаходзіце натхненне?
Інтэрнэт! Сама не магу нічога прыдумаць, а вось скарыстацца чужой ідэяй і дадаць штосьці сваё - гэта я магу )))

10Ваша каронная кулінарная страва?
Гатую зусім мала і толькі прымітыўныя стравы. Калісці навучылася рабіць запяканку з творагу, вось яе я гатую часта, з'ядаецца імгненна, сакрэтны інгрыдыент - какосавая стружка.

11Любімы літаратурны/кінагерой?
Др. Хаўс.

27 May 2014

Пра кветкі, сурвэтку і печыва.

 
 На выходныя ездзілі на р. Вілію. Вырашылі адпачнуць пасіўна - без байдаркі (шмат месца займае і клопату з ёй) і пашкадавалі. Можна было браць, пасля дажджоў рэчка шырокая, павольная. Мясціны вельмі прыгожыя. Уздоўж бярагоў зацвілі ірысы, час ад часу вецер прыносіў проста неверагодны водар чаромхі, а як спявалі птушкі і жабы, словамі не перадаць )))
   Ноччу абяцалі метэарытны дождж, але ніводнай знічкі я так і не дачакалася і сваё жаданне так і не загадала...
     Звычайна я бяру з сабою кнігу, але ў гэты раз вырашыла паспрабаваць пасамаробнічаць. Вышываць пакуль не магу, таму мне засталося толькі ўзяцць вязанне. Першы раз вязала без схемы, думала, што не адолею гэтую сурвэтку, але ўсё дастаткова зразумела, вельмі дапамог малюнак гатовай сурвэткі.
   Вязала з бавоўны №10 натуральнага колеру, кручком 1,6. Пасля прання і прасавання сурвэтка атрымалася 24см (у іншых яна атрымалася большага памеру). Схему і апісанне ўзяла ТУТ
    А яшчэ хачу падзякаваць Вольгу за рацэпт пячэння. Гатуецца вельмі проста і хутка, а водар і смак такі, што яно ледзь дажыло да фотаздымкі.

21 May 2014

Вокладка на пашпарт

Гэта мая першая вокладка і пашыта яна на заказ. Выбар матэр'ялоў, колер быў на мой густ. Ідэя была зрабіць крэйзі. Ой не ведаю, спадабаецца ці не, можа зраблю яшчэ адну зусім іншую, а гэтую адам на дабрачынны аўкцыён ))) Пабачым... Атрымалася трошкі не практычная, бо шмат белага колеру, але ўсё надзейна прышыта, таму можна і папраць, калі што.