20 October 2015

Стужак шмат не бывае - 2 (невялічкі майстар-клас).

Стужак у мяне шмат і выкарыстоўваюцца вельмі часта. Хацела нейк арганізаваць хоць частку стужак, якім ужо няма месца ў скрынях. Тым больш скрыні і скрыначкі трэба некуды ставіць, на стале і палічках месца зусім няма, а вось сцяна побач пустая.

02 October 2015

Мяшочак. Першая вышыўка стужкамі.

Касачы ці ірысы (батанічная назва менавіта касачы, сямейства касачовыя) вышывала па Танінай кніжцы. Самі кветкі вышывала атласнымі стужкамі, што былі ў мяне ў наяўнасці, а для сцяблінак і лісточкаў купіла шаўковыя стужкі.

Вышываць вельмі спадабалася, можа не ўсё добра атрымалася, але мне ўжо заказалі паўтор гэтага мяшэчка. Не хочацца... хачу нешта іншае паспрабаваць. Зараз на ўсе кветкі, што трапляюцца, гляджу другім вокам ))) адна думка, як іх можна вышыць )))

28 September 2015

Цукерка-неспадзяванка )))

Не, ну мне безумоўна шанцуе! Уявіце сабе, мне зноў дасталася цукерка. Атрымаць цукерку, пра якую зусім забылася і зусім не чакаеш, яшчэ прыемней. Цукерачка прыехала да мяне з Брэста, ад Наташы (hibou). Наташа робіць фантастычныя альбомчыкі (я зайздрошчу) і розныя скрап-рэчы, яе фотаздымкі заўсёды цікавыя, усім можна пацікавіцца і палюбавацца ў блогу Маленькая радость.
 Ну згадзіцеся - прыгажосць! Кветак не злічыць, так шмат, усе розныя. Пра націркі шмат чула, а вось у руках трымаю першы раз, файная рэч. Усё астатняе вельмі патрэбныя рэчы: скотч, фурнітура, добры такі кавалак мешкавінкі (мяркую, першая разыйдзецца).
 Яшчэ я атрымала паштоўку, на адваротным боку прыемныя словы на беларускай мове, вельмі кранулі. Здагадайцеся, які ў мяне зараз дэвіз?
Дзякуй, Наташачка! Усё суперфайнае, усё вельмі спадабалася! 

24 September 2015

Дашываю хвасты.


Памятаеце, паказвала тут свой недарэчны чахол на машынку. Дык вось, нарэшце, дашыўся кошычак і прыдумала, што зрабіць з апошняга кавалка (Лера, дзякуй!) На касметычку ці пенал гэты кавалачак вельмі добра падыходзіў.

13 September 2015

Выхваляльнае.

Сёння хачу пахваліцца сваімі новымі каштоўнасцямі. Першая самая грандыёзная і доўгачаканая рэч - гэта кніга...  якую Таня (Touch) разыгрывала ў якасці цукеркі у сваім блоге Прикосновение...

Даўно марыла аб такой кнізе - вельмі падрабязнай, з пакрокавымі інструкцыямі,  каб былі прапісаныя складаныя рэчы і самыя азы. Бачыце, у мяне нават ужо пяльцы ёсць ))) Кніга вельмі цікавая і выглядае сур'ёзна.

10 August 2015

Камплект "Зімовыя совы"

Нарэшце я дарабіла і аддала ўсё дакументы і паперы аднаму ІПшніку, з-за якіх я не магла ні самаробнічаць, ні проста атрымліваць асалоду ад лета. Я зноў існую! Каб я яшчэ раз згадзілася на такое... не-е-е, лічбы не для мяне. За гэты час так згаладалася па шыццю, што адразу замахнулася на грандыёзны (для мяне) праект - пледык і падушачка. У нашай вялікай сям'і адбылася сур'ёзная падзея - нарадзілася першая праўнучка, ёй і пашыўся гэты камплект. Так смешна, адна мая цётка нават яшчэ і ні разу не бабуля зусім,  а другая, яе родная сястра,  ўжо прабабуляй стала.

25 June 2015

Фотазаданне "У свеце жывёл"

   Суседскі кот (можа котка), дзікаваты, вельмі асцярожны, прыйшоў на пах рыбы, якую мама чысціла на надворку. 
   Гляджу я нашыя веснічкі і не разумею, навошта яны ))) толькі што карова ці свіння не зойдзе, дык не ходзяць па вёсцы ўжо ні каровы ні свінні. А помню аднойчы суседская свіння такая здаровая ну проста вялізарная, легла і прываліла веснічкі, бо як раз у тым месцы густы цянёк быў. Паўгадзіны ўжо ляжыць, а мне да цётцы на ровары ехаць трэба. Думала пералезці цераз плот і пешшу пайсці, а як вяртацца тады з торбамі... Я паспрабавала спачатку яе расштурхаць веснікамі, потым венікам біла, а ёй хоць бы хны, ляжыць відаць падабаецца. Выліла на яе цёплай вады з начоўкі - ёй нічога. Ну тады я выцягнула вады ўжо са студні. Выліла. Свіння здрыганулася, рохкнула незадаволена, марудна паднялася і пайшла, ну і я паехала... Вось такая гісторыя пра нясмелыя спробы прагнаць паважаную жавёлу.
  
З першым фотаздымкам прыму ўдзел у фотазаданні "В мире животных" ад Кафэ Скрапо-Мама.

16 June 2015

Сурвэтка № 2


У мяне зноў сурвэтка. Схема знайшлася ТУТ. Блакаванне выпадкова зрабіла інакш, таму яна трошкі адрозніваецца ад арыгінала.
Пабегла працаваць, у наступны раз абяцаю, словаў будзе больш )))

15 June 2015

Фотазаданне "У свеце жывёл"

Гэта Сціві, ён жа Сцівончык, малодшы брацік Вені. За кавалачак сыру згадзіўся імгненне пастаяць спакойна, нават зрабіў выгляд разумнага сабакі ))) 
Добра ведае некалькі каманд, галоўныя з якіх: "А ці можна?!" (апошняе папярэджанне), "Так!" (азначае, што ў гаспадыні скончылася цярпенне),  і "Дзе тапак?!" (без каментарыяў). 
А тут Сціві абараняе падваконне ад усіх машын, людзей, катоў і канечне сабак. Адразу і не зразумееш гэта ён на ўсіх так грозна гырчыць, ці гэта ў каго вібрацыя на тэлефоне.
З апошнім фотаздымкам прыму ўдзел у фотазаданні "В мире животных" ад Кафэ Скрапо-Мама.